Другое да Цімафея, разьдзел 3

  1. Ведай жа, што ў апошнія дні настануць часіны цяжкія.
  2. Бо людзі будуць самалюбныя, срэбралюбныя, ганарыстыя, пыхлівыя, злоязыкія, бацькам непаслухмяныя, няўдзячныя, бязбожныя, няпрыязныя,
  3. непамяркоўныя, паклёпнікі, нястрымлівыя, жорсткія, зьнялюбныя да дабра,
  4. здраднікі, нахабы, пыхліўцы, прыхільныя больш да раскошы, чым да Бога,
  5. з выгляду богабаязныя, а да сілы Божай варожыя. Пазьбягай такіх.
  6. Да гэтакіх належаць тыя, якія лісьліва віжуюцца ў дамы і ачмураюць жанчын, што купаюцца ў грахах і ў юрлівасьці песьцяцца,
  7. заўсёды вучацца і ніколі ня могуць дайсьці да спазнаньня ісьціны.
  8. Як Яній і Ямврый супрацівіліся Майсею, так і гэтыя супрацівяцца ісьціне, людзі са зьвіхнёным розумам, невукі ў веры.
  9. Але яны няшмат пасьпеюць; бо іхняе безгалоўе выявіцца перад усімі, як і з тамтымі сталася.
  10. А ты пайшоў сьледам за мною ў вучэньні, жыцьці, станоўчасьці, веры, велікадушнасьці, любові, цяпрлівасьці.
  11. у ганеньнях, цярпеньнях, якія выпалі мне ў Антыахіі, Іканіі, Лістрах; такія ганеньні я перанёс, і ад усіх выбавіў мяне Гасподзь.
  12. Ды і ўсе, хто хоча жыць пабожна ў Хрысьце Ісусе, будуць прасьледавацца;
  13. а ліхія людзі і ашуканцы будуць раскашаваць у зьле, зводзячы ў аблуды і ўпадаючы ў аблуды.
  14. А ты трымайся таго, чаго навучаны, і што табе даверана, ведаючы, кім ты навучаны;
  15. пры гэтым ты змалку ведаеш сьвятыя Пісаньні, якія могуць умудрыць цябе ў збавеньне вераю ў Хрыста Ісуса.
  16. Усё Пісаньне боганатхнёнае і карыснае для навучаньня, для выкрыцьця, для выпраўленьня, для настаўленьня ў праведнасьці,
  17. каб быў дасканалы Божы чалавек, да ўсякае добрае справы падрыхтаваны.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter