Да Эфэсянаў, разьдзел 3

  1. Вось дзеля гэтага я, Павал, стаўся вязьнем Ісуса Хрыста за вас, язычнікаў.
  2. Бо вы, пэўна, чулі пра служэньне мілаты Божай, дадзенай мне для вас,
  3. таму што мне праз адкрыцьцё абвешчана таямніца, — пра што я і вышэй коратка пісаў, —
  4. дык вы, чытаючы, можаце ўведаць маё разуменьне таямніцы Хрыстовай,
  5. якая ня была абвешчана ранейшым пакаленьням сыноў чалавечых, як сёньня адкрыта сьвятым апосталам Ягоным і прарокам праз Духа (Сьвятога),
  6. каб і язычнікі былі супольнымі спадчыньнікамі, што складаюць адно цела, і саўдзельнікамі абяцаньня Ягонага ў Хрысьце Ісусе праз зьвеставаньне,
  7. слугою якога зрабіўся я пасьля дараваньня мілаты Божай, дадзенай мне дзеяньнем сілы Ягонай.
  8. Мне, самаму найменшаму з усіх сьвятых, дадзена мілата гэтая — зьвеставаць язычнікам недасьледнае багацьце Хрыстовае
  9. і адкрыць усім, што ёсьць зьдзяйсьненьне таямніцы, схаванай ад вечнасьці ў Богу, Які стварыў усё Ісусам Хрыстом,
  10. каб цяпер была вядомая праз Царкву начальству і ўладам на нябёсах бясконцая мудрасьць Божая,
  11. паводле спрадвечнага вызначэньня, якое Ён учыніў у Ісусе Хрысьце, Госпадзе нашым,
  12. у Якім мы маем адвагу і надзейны доступ празь веру ў Яго.
  13. А таму прашу (вас) не маркоціцца духам ад маіх дзеля вас журботаў, бо яны — ваша слава.
  14. Дзеля гэтага схіляю калені мае прад Айцом Госпада нашага Ісуса Хрыста,
  15. ад Якога мѓе найменьне ўсякая айчыннасьць на нябёсах і на зямлі,
  16. хай дасьць вам, па багацьці славы Сваёй, моцна ўцьвердзіцца Духам Ягоным ва ўнутраным чалавеку,
  17. каб Хрыстос вераю ўсяліўся ў сэрцы вашыя,
  18. каб вы, укарэненыя і ўцьверджаныя ў любові, маглі спасьцігнуць з усімі сьвятымі, што ёсьць шырыня і даўжыня, і глыбіня і вышыня,
  19. і ўразумець вышэйшую за ўразуменьне любоў Хрыстовую, каб вам напоўніцца ўсёю поўніцаю Божаю.
  20. А Таму, Хто сілаю, якая дзее ў нас, можа зрабіць непараўнена болей за ўсё, чаго мы просім, альбо пра што думаем,
  21. Таму слава ў Царкве ў Хрысьце ва ўсе роды, ад веку да веку. Амін.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter