Першае да Карынфянаў, разьдзел 8

  1. Што да ідалаахвярнага, дык мы ведаем, бо мы ўсе маем розум. Але розум надзімае, а любоў навучае.
  2. Хто думае, што ён ведае нешта, той нічога яшчэ ня ведае так, як трэба ведаць;
  3. а хто любіць Бога, таму дадзена разуменьне празь Яго.
  4. І гэтак пра спажываньне ідалаахвярнага мы ведаем, што ідал у сьвеце нішто, і што няма іншага Бога, апрача Адзінага.
  5. Бо, хоць і ёсьць так званыя божышчы, хай то на небе, хай на зямлі, — бо ёсьць шмат багоў і валадароў шмат, —
  6. але ў нас адзін Бог Айцец, зь Якога ўсё, і мы для Яго, і адзін Гасподзь Ісус Хрыстос, празь Якога ўсё, і мы празь Яго.
  7. Але ня ўсе маюць такое разуменьне: некаторыя і дагэтуль з сумленьнем, якое прызнае ідалаў, ядуць ідалаахвярнае як ахвяры ідальскія, і сумленьне іхняе, як што ёсьць нямоглае, апаганьваецца.
  8. Ежа не набліжае нас да Бога: бо, ці мы ямо, нічога не набываем; ці не ямо, нічога ня трацім.
  9. Пільнуйцеся, аднак, каб гэтая свабода вашая ня спрычыніла падзеньня нямоглых.
  10. Бо, калі хто-небудзь убачыць, што ты, маючы разуменьне, сядзіш за сталом у капішчы, дык сумленьне ягонае, як нямоглага, ці ж не падахвоціць яго есьці ідалаахвярнае?
  11. І ад разуменьня твайго загіне нямоглы брат, за якога памёр Хрыстос.
  12. А зграшаючы так супроць братоў і ранячы нямоглае сумленьне іхняе, вы грашыце супроць Хрыста.
  13. І таму, калі ежа спакушае брата майго, ня буду есьці мяса вавек, каб не спакушаць брата майго.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter