Паводле Марка, разьдзел 11

  1. Калі наблізіліся да Ерусаліма, да Віфагіі і Віфаніі, да гары Аліўнай, Ісус пасылае двух вучняў Сваіх
  2. і кажа ім: ідзеце ў селішча, што проста перад вамі; уваходзячы ў яго, адразу знойдзеце маладога асла, на якога ніхто зь людзей не садзіўся; адвяжэце яго, прывядзеце;
  3. і калі вам хто скажа: «Што гэта вы робіце?», адказвайце, што ён патрэбен Госпаду; і адразу пашле яго сюды.
  4. Яны пайшлі, і знайшлі маладога асла, прывязанага каля варот пры дарозе, і адвязалі яго.
  5. І некаторыя, што стаялі там, казалі ім: што робіце? навошта адвязваеце асьляня?
  6. Яны адказвалі ім, як наказаў Ісус; і тыя адпусьцілі іх.
  7. І прывялі да Ісуса асьляня, і ўсклалі на яго адзеньне сваё; Ісус сеў на яго.
  8. А многія пасьцілалі адзеньне сваё на дарозе, а іншыя рэзалі вецьце з дрэваў і пасьцілалі на дарозе.
  9. І тыя, што ішлі паперадзе і сьледам, усклікалі: асанна! дабраславёны Той, Хто ідзе ў імя Гасподняе!
  10. дабраславёнае царства айца нашага Давіда, што ідзе ў імя Гасподняе! асанна ў вышынях!
  11. І ўвайшоў Ісус у Ерусалім і ў храм; і агледзеўшы ўсё, як што час ужо быў позьні, выйшаў у Віфанію з дванаццацьцю.
  12. На другі дзень, калі яны выйшлі зь Віфаніі, Ён схацеў есьці;
  13. і, угледзеўшы здалёку смакоўніцу, пакрытую лісьцем, пайшоў, ці ня знойдзе чаго на ёй; але, падышоўшы да яе, нічога не знайшоў, апрача лісьця, бо яшчэ ня час быў зьбіраць смоквы.
  14. І сказаў ёй Ісус: ад сёньня хай ніхто зь цябе ня есьць плоду вавек. І чулі гэта вучні Ягоныя.
  15. Прыйшлі ў Ерусалім. Ісус, увайшоўшы ў храм, пачаў выганяць прадаўцоў і пакупцоў у храме; і сталы мяняйлаў і ўслоны прадаўцоў галубоў абярнуў;
  16. і не дазваляў, каб хто пранёс праз храм якую-небудзь рэч.
  17. І вучыў іх, кажучы: ці ж не напісана: ёдом Мой домам малітвы назавецца для ўсіх народаўё? — а вы зрабілі зь яго логва разбойнікаў.
  18. Пачулі гэта кніжнікі і першасьвятары і шукалі, як бы загубіць Яго; бо баяліся Яго, таму што ўвесь люд зьдзіўляўся з вучэньня Ягонага.
  19. А калі настаў вечар, Ён выйшаў з горада.
  20. Раніцай, праходзячы міма, убачылі, што смакоўніца засохла да кораня.
  21. І, прыгадаўшы, Пётр кажа Яму: Равьві! паглядзі, смакоўніца, якую Ты пракляў, усохла.
  22. Ісус, адказваючы, кажа ім:
  23. майце веру Божую. Бо праўду кажу вам: калі хто скажа гары гэтай: ёпадыміся і кінься ў мораё, і не засумняваецца ў сэрцы сваім, а паверыць, што збудзецца паводле словаў ягоных, — будзе яму, што ні скажа.
  24. Таму кажу вам: усё, чаго ні будзеце прасіць у малітве, верце, што атрымаеце, — і будзе вам.
  25. І калі стаіце на малітве, даруйце, калі што маеце на каго, каб і Айцец ваш нябесны дараваў вам грахі вашыя;
  26. калі ж не даруеце, дык і Айцец ваш нябесны не даруе вам грахоў вашых.
  27. Прыйшлі зноў у Ерусалім. І калі Ён хадзіў у храме, падышлі да Яго першасьвятары і старэйшыны
  28. і казалі Яму: якою ўладаю Ты гэта робіш? і хто Табе даў уладу рабіць гэта?
  29. Ісус сказаў ім у адказ: папытаюся і Я ў вас адно, адказвайце Мне, тады і Я скажу вам, якою ўладаю гэта раблю:
  30. хрышчэньне Янава зь нябёсаў было, ці ад людзей? адказвайце Мне.
  31. Яны ж разважалі паміж сабою: калі скажам «зь нябёсаў» — дык Ён скажа: «чаму ж вы не паверылі яму?»
  32. а сказаць: «ад людзей», — баяліся народу; бо ўсе лічылі, што Ян сапраўды быў прарок.
  33. І сказалі ў адказ Ісусу: ня ведаем. Тады Ісус сказаў ім у адказ: і Я не скажу вам, якою ўладаю гэта раблю.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter