Ёна, разьдзел 1

  1. І было слова Гасподняе Ёну, сыну Амафіінаму:
  2. «устань, ідзі ў Нінэвію — горад вялікі і прапаведуй у ім, бо зладзействы яго дайшлі да Мяне».
  3. І ўстаў Ёна, каб бегчы ў Тарсіс ад аблічча Гасподняга, і прыйшоўшы ў Ёпію і знайшоўшы карабель, які выпраўляўся ў Тарсіс, аддаў плату за правоз і ўзышоў на яго, каб плыць зь імі ў Тарсіс ад аблічча Госпада.
  4. Але Гасподзь падняў на моры моцны вецер, і зрабілася на моры вялікая бура, і карабель гатовы быў разьбіцца.
  5. І спалохаліся карабельнікі і заклікалі кожны свайго бога, і пачалі кідаць у мора паклады з карабля, каб аблегчыць яго ад іх; а Ёна апусьціўся ў нутро карабля, лёг і моцна заснуў.
  6. І прыйшоў да яго начальнік карабля і сказаў яму: «чаго ты сьпіш? устань, закліч Бога твайго; можа быць, Бог успомніць пра нас, і мы не загінем».
  7. І сказалі адзін аднаму: «хадзем, кінем жэрабя, каб даведацца, за каго спасьцігае нас гэтая бяда». І кінулі жэрабя, і ўпала жэрабя на Ёну.
  8. Тады сказалі яму: «скажы нам, за каго спасьцігла нас гэтая бяда? які твой занятак, і адкуль ідзеш ты? дзе твая краіна, і зь якога ты народу?»
  9. І ён сказаў ім: «я — Габрэй, шаную Госпада Бога нябёсаў, Які стварыў мора і сушу».
  10. І спалохаліся людзі страхам вялікім і сказалі яму: «дзеля чаго ты гэта зрабіў», бо даведаліся гэтыя людзі, што ён уцякае ад аблічча Гасподняга, як ён сам абвясьціў ім.
  11. І сказалі яму: «што зрабіць нам з табою, каб мора аціхла для нас?», бо мора не пераставала хвалявацца.
  12. Тады ён сказаў ім: «вазьмеце мяне і кіньце мяне ў мора, — і мора аціхне для вас, бо я ведаю, што празь мяне спасьцігла вас гэта вялікая бура».
  13. Але гэтыя людзі пачалі моцна веславаць, каб прыстаць да зямлі, але не маглі, бо мора ўсё бушавала і бушавала супроць іх.
  14. Тады заклікалі яны Госпада і сказалі: «молім Цябе, Госпадзе, хай не загінем за душу чалавека гэтага, і хай не залічыш на нас кроў невінаватую; бо Ты, Госпадзе, зрабіў, што заўгодна Табе!»
  15. І ўзялі Ёну і кінулі яго ў мора; і аціхла мора ад лютасьці сваёй.
  16. І спалохаліся гэтыя людзі Госпада вялікім страхам і прынесьлі Госпаду ахвяру і далі абяцаньні.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter