Асія, разьдзел 5

  1. Слухайце гэта, сьвятары, і ўважайце, дом Ізраілеў, і прыхілеце вуха, дом цара; бо вам будзе суд, бо вы былі пасткаю ў Масіфе і сеткаю, раскінутаю ў Таворы.
  2. Глыбока загразлі ў распусьце яны; але Я пакараю ўсіх іх.
  3. Яфрэма Я ведаю, і Ізраіль не схаваны ад Мяне; бо ты блудадзейнічаеш, Яфрэме, і Ізраіль апаганіўся.
  4. Справы іхнія не дазваляюць ім зьвярнуцца да Бога свайго, бо дух распусты ўсярэдзіне ў іх, і Госпада яны не спазналі.
  5. І гонар Ізраілеў прыніжаны ў вачах у іх; і Ізраіль і Яфрэм загінуць ад бязбожнасьці сваёй; упадзе і Юда зь імі.
  6. З авечкамі сваімі пойдуць шукаць Госпада і ня знойдуць Яго: Ён адыдзе ад іх.
  7. Госпаду яны здрадзілі, бо нарадзілі чужых дзяцей; сёньня новы месяц зьесьць іх зь іхняй маёмасьцю.
  8. Затрубеце рогам у Гіне, трубою ў Раме; узвышайце голас у Бэтавэме: за табою, Веньяміне!
  9. Яфрэм зробіцца пустэльняю ў дзень пакараньня; паміж плямёнамі Ізраілевымі Я ўзьвясьціў гэта.
  10. Правадыры Юдавы сталі падобнымі на тых, што перасоўваюць межы: вылью на іх гнеў Мой, як ваду.
  11. Прыгнечаны Яфрэм, уражаны судом; бо захацеў хадзіць сьледам за марнымі.
  12. І буду як моль Яфрэму і як чарвяк дому Юдаваму.
  13. І ўбачыў Яфрэм хваробу сваю і Юда — сваю рану, і пайшоў Яфрэм да Асура і паслаў да цара Ярэва; але ён ня можа ацаліць вас, і ня вылечыць вас ад раны.
  14. Бо Я як леў Яфрэму і як ільвяня дому Юдаваму; Я, Я разарву і пайду; панясу — і ніхто ня выратуе.
  15. Пайду, вярнуся ў Маё месца, пакуль яны ня прызнаюць сябе вінаватымі і ня знойдуць аблічча Майго.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter