Ісая, разьдзел 62

  1. Ня змоўкну дзеля Сіёна, і дзеля Ерусаліма не супакоюся, пакуль ня ўзыйдзе, як сьвятло, праўда яго, і збавеньне яго — як запаленая сьвяцільня.
  2. І ўбачаць народы праўду тваю і ўсе цары — славу тваю, і назавуць цябе новым імем, якое дадуць вусны Гасподнія.
  3. І будзеш вянком славы ў руцэ ў Госпада і царскаю дыядэмаю — на далоні Бога твайго.
  4. Ня будуць ужо называць цябе «пакінутым», і зямлю тваю ня будуць называць «пустыняю», а будуць называць цябе: «Маё ўпадабаньне да яго», а зямлю тваю — «замужняю», бо Гасподзь упадабаў цябе, і зямля твая спалучаецца.
  5. Як юнак спалучаецца зь дзяўчынаю, так спалучаюцца з табою сыны твае; і як жаніх радуецца за нявесту, так будзе радавацца за Цябе Бог твой.
  6. На сьценах тваіх, Ерусаліме, я паставіў вартаўнікоў, якія ня змоўкнуць ні ўдзень, ні ўначы. О вы, хто нагадвае пра Госпада! — не змаўкайце,
  7. не змаўкайце перад Ім, пакуль Ён не адновіць і пакуль ня зробіць Ерусаліма славаю на зямлі.
  8. Гасподзь прысягнуў правіцаю Сваёю і моцнаю сілаю Сваёю: ня дам зерня твайго болей на ежу ворагам тваім, і сыны чужых ня піцьмуць віна твайго, над якім ты працаваў;
  9. але зборшчыкі яго будуць есьці яго і славіць Госпада, і зборшчыкі вінаграду будуць піць віно яго ў дварах сьвяцілішча Майго.
  10. Праходзьце, праходзьце ў браму, рыхтуйце дарогу народу! Раўняйце, раўняйце дарогу, прымайце каменьне, падымайце сьцяг народам!
  11. Вось, Гасподзь абвяшчае да краю зямлі: скажэце дачцэ Сіёна: ідзе Збаўца твой; узнагарода Яго зь Ім і дараваньне Ягонае — перад Ім.
  12. І назавуць іх народам сьвятым, адкупленым Госпадам, а цябе назавуць знойдзеным, горадам непакінутым.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter