Ісая, разьдзел 5

  1. Засьпяваю Майму Любаснаму песьню Любаснага Майго пра вінаграднік Ягоны. У Любаснага Майго быў вінаграднік на вяршыні плоднай гары.
  2. І Ён абкапаў яго, і ачысьціў яго ад каменьня, і пасадзіў у ім адборныя вінаградныя лозы, і паставіў вежу пасярод яго, і выкапаў у ім чавільню, і чакаў, што ён уродзіць добрыя гронкі, а ён урадзіў дзікія ягады.
  3. І цяпер жыхары Ерусаліма і мужчыны Юдэйскія, рассудзеце Мяне зь вінаграднікам Маім.
  4. Што яшчэ трэба было б зрабіць вінаградніку Майму, чаго Я не зрабіў яму? Чаму, калі Я спадзяваўся, што ён уродзіць добрыя гронкі, ён урадзіў дзікія ягады?
  5. Дык вось Я скажу вам, што зраблю зь вінаграднікам Маім: здыму зь яго агароджу, і будзе ён спусташацца; разбуру сьцены яго, і будуць яго таптаць.
  6. І пакіну яго ў запусьценьні; ня будуць ні абразаць, ні капаць яго; і зарасьце ён цернем і ваўчкамі, і загадаю хмарам не паліваць яго дажджом.
  7. Вінаграднік Госпада Саваофа ёсьць дом Ізраілеў, і мужчыны Юды — любыя саджанцы Яго. І чакаў Ён правасудзьдзя, але вось — праліцьцё крыві; чакаў праўды, і вось — лямант.
  8. Гора вам, хто дадае дом да дома, далучае поле да поля, так што іншым не застаецца месца, нібыта вы адны паселены на зямлі.
  9. У вушы мае сказаў Гасподзь Саваоф: шматлікія дамы гэтыя будуць пустыя, вялікія і прыгожыя — зьбязьлюдзеюць;
  10. дзесяць дзялянак у вінаградніку дадуць адзін бат, і хомэр пасеянага зерня ўродзіць заледзьве эфу.
  11. Гора таму, хто з раньняй раніцы шукае сікеру і да позьняга вечара разагравае сябе віном;
  12. і цытра і лютня, тымпан і жалейка, і віно на банкетах іхніх; а на дзеі Госпада не зважаюць яны, і пра чыны рук Ягоных ня думаюць.
  13. За тое народ мой пойдзе ў палон непрадбачана, і заможнікі яго загаладаюць, і багацеі ягоныя спрагнуцца смагаю.
  14. За тое пашырылася апраметная, і над меру разьзявіла пашчу сваю; і сыдзе туды слава іхняя, і багацьце іхняе, і шум іхні, і ўсё, што разьвесяляе іх.
  15. І схіліцца чалавек, і ўпакорыцца мужчына, і вочы гардзеяў панікнуць;
  16. А Гасподзь Саваоф узьнясецца высока ў судзе, і Бог Сьвяты выявіць сьвятасьць Сваю ў праўдзе.
  17. І будуць пасьвіцца авечкі па сваёй волі, і чужыя будуць карміцца пакінутымі тлустымі пашамі багацеяў.
  18. Гора тым, якія цягнуць на сябе беззаконьне вяроўкамі марнасьці і грэх — як бы ляйчынамі калясьнічнымі;
  19. якія кажуць: «Няхай Ён пасьпяшаецца і паскорыць дзею Сваю, каб мы бачылі, і хай наблізіцца і выканаецца парада Сьвятога Ізраілевага, каб мы даведаліся!»
  20. Гора тым, якія зло называюць дабром, і дабро — злом, цемру лічаць сьвятлом, і сьвятло — цемраю, горкае лічаць салодкім, і салодкае — горкім!
  21. Гора тым, якія мудрыя ў вачах сваіх і разумныя перад самімі сабою!
  22. Гора тым, якія багатыры піць віно і моцныя гатаваць моцны напой,
  23. якія за хабар апраўдваюць вінаватага і праведных пазбаўляюць законнага!
  24. Як агонь пажырае салому, і полымя зьнішчае сена, так спарахнее корань іхні і цьвет іх разьвеецца пылам; бо заняхаілі яны закон Госпада Саваофа і заняхаілі слова Сьвятога Ізраілевага.
  25. За тое загарыцца гнеў Госпада на народ Ягоны, і працягне Ён руку Сваю на яго і ўразіць яго, аж здрыгануцца горы, і трупы іх будуць, як памёт на вуліцах. І пры ўсім гэтым гнеў Яго не адступіцца, і рука Яго яшчэ будзе працягнутая.
  26. І падыме сьцяг народам далёкім і дасьць знак таму, хто жыве на краі зямлі, — і вось, ён лёгка і скора прыйдзе;
  27. і ня будзе ў яго ні стомленага, ні зьнямоглага; ніводзін не задрэмле і не засьне, і ня здымецца пояс са сьцёгнаў ягоных, і не парвецца рэмень на абутку ягоным;
  28. стрэлы ў яго навостраныя, і ўсе лукі ў яго напятыя; капыты коней ягоных падобныя да крэменю, і колы яго, як віхура;
  29. рык ягоны, як рык ільвіцы; ён рыкае як ільвяня, і зарыкае і схопіць здабычу, і панясе, і ніхто не адбярэ.
  30. І зарыкае на яго ў той дзень быццам рыкам разьятранага мора; і гляне ён на зямлю, і вось — цемра, гора, і сьвятло патухла ў аблоках.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter