Песьня, разьдзел 5

  1. Увайшоў я ў мой сад, сястрыца, нявеста, сабраў маёй міры з бальзамам, паеў сотаў зь мёдам маім, напіўся віна майго з малаком маім. Ежце, сяброве, пеце і наядайцеся, родныя!
  2. Я сплю, а сэрца маё чувае; вось, голас каханага, які стукаецца: «Адчыні мне, сястрыца, каханая, мая беспахібная, чыстая горлінка, бо галава мая — абрасілася, мае кучары — ў начной вільгаці».
  3. Я хітон свой зьняла — як жа зноў надзяваць мне яго?
  4. Каханы прасунуў руку сваю ў дзьверы, маё цела зайшлося ад радасьці.
  5. Устала я, каб адчыніць майму любаму, і з рук маіх капала міра, і з пальцаў маіх міра капала на клямку ў дзвярах.
  6. Адчыніла каханаму я, а каханы пайшоў, не вярнуўся. Душа мая ўпала ад слоў ягоных; я шукала яго, не знайшла, я клікала — ён не азваўся.
  7. Спаткалі мяне дазорцы, што абыходзілі горад; паранілі мяне, пабілі мяне; дазорцы сьцен гарадскіх сарвалі зь мяне маё покрыва.
  8. Заклінаю вас, Ерусалімскія дочкі: як сустрэнецца вам мой каханы, што яму скажаце вы? Скажэце, што я зьнемагла ад каханьня.
  9. Чым мілейшы твой любы за іншых, прыгажуня з усіх прыгажунь? Чым любейшы твой мілы за іншых, што заклінаеш нас?
  10. Каханы мой белы, румяны, з тысяч самы найлепшы.
  11. Галава ў яго — чыстае золата; яго кучары — гронкі пальмавыя, чорныя, быццам вораны,
  12. вочы ў яго — галубкі пры патоках вады, купаюцца ў малацэ, сядзяць у дагодзе,
  13. шчокі ў яго, бы кветкі пахучых расьлін, духмяныя пахі, губы ў яго — лілеі, зь якіх цячэ міра;
  14. рукі ў яго — жазлы залатыя, абсыпаныя тапазамі, жывот у яго — як выява з слановае косьці, абкладзеная сапфірамі,
  15. ногі ў яго — слупы мармуровыя, пастаўленыя на залатыя апоры, абліччам каханы — Ліван, велічны, нібыта кедры.
  16. Вусны ў яго — гэта слодыч, і ўвесь ён — уцеха! Вось хто мой мілы, вось хто мой сябар, Ерусалімскія дочкі!
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter