Эклезіяст, разьдзел 3

  1. Усё мае сваю пару, і гадзіна кожнае дзеі — пад небам.
  2. Ёсьць пара нарадзіцца, і пара памерці, пара насаджаць, і пара вырываць пасаджанае.
  3. Пара забойства, і пара гаеньня; пара разбураць, і пара будаваць;
  4. пара плачу, і пара весялосьці; пара бедаваць, і пара танцаваць;
  5. пара раскідаць камяні, і пара зьбіраць камяні; пара абдымаць, і пара ўхіляцца абдоўмаў;
  6. пара шукаць, і пара губляць; пара ашчаджаць, і пара выкідаць;
  7. пара разьдзіраць, і пара зашываць; пара маўчаць, і пара прамаўляць;
  8. пара кахаць, і пара ненавідзець; пара вайне, і пара міру.
  9. Якая карысьць таму, хто працуе, з таго, над чым ён працуе?
  10. Бачыў я гэты клопат, які Бог даў сынам чалавечым, каб мелі сабе турботу.
  11. Усё Ён цудоўным зрабіў сваёю парою і вечнасьць паклаў ім у сэрца, хоць ня кемяць яны ў тых справах, што Бог учыніў, ад пачатку і да канца.
  12. Уведаў я, што няма ім нічога лепшага, як весяліцца і ў жыцьці сваім добрае толькі ўчыняць.
  13. І калі які чалавек есьць і п'е і бачыць дабро ва ўчынках сваіх, дык гэта — дар Божы.
  14. Уведаў я, што ўсё, што робіць Бог, застаецца навекі; Ён робіць так, каб багавейна ступалі перад абліччам Яго.
  15. Што было, тое ёсьць і цяпер, і што будзе, тое было ўжо; і пакліча Бог мінулае.
  16. Яшчэ я пад сонцам пабачыў: месца суду — а там беззаконьне; месца праўды — а там няпраўда
  17. І сказаў я ў сэрцы маім: «Судзіць будзе Бог праведнага і грэшнага; бо на кожную справу прызначана пара і суд на кожную дзею тваю».
  18. Сказаў я ў сэрцы маім сынам чалавечым, каб Бог іх выпрабаваў і каб убачылі яны, што самі ў сабе яны — жывёлы:
  19. бо доля ў сыноў чалавечых і доля ў жывёлін — доля адна; як паміраюць тыя, так паміраюць і гэтыя, і адно дыханьне ва ўсіх, і няма ў чалавека над жывёлінаю перавагі, бо ўсё — марнасьць!
  20. Усё ідзе ў адно месца; усё выйшла з тла, і ўсё вяртаецца ў тло.
  21. Хто ведае: ці дух сыноў чалавечых падымаецца ўгору, а ці дух жывёл апускаецца долу, у зямлю?
  22. І вось убачыў я, што няма нічога лепшага чалавеку, як радавацца з учынкаў сваіх: бо гэта — доля яго; хто ж бо яго прывядзе паглядзець на тое, што пасьля яго будзе?
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter