Выслоўі, разьдзел 11

  1. Няправільныя вагі — агідныя Госпаду, а правільныя вагі ўпадабаньне Яму.
  2. Прыйдзе пыхлівасьць, прыйдзе і ганьба; а са сьціплымі — мудрасьць.
  3. Беззаганнасьць будзе кіраваць пабожнымі, а хітрасьць вераломных загубіць іх.
  4. Не паможа багацьце ў дзень гневу; а праўда ўратуе ад сьмерці.
  5. Праўда беззаганнага прастуе дарогу яму, а бязбожны ўпадзе ад бязбожнасьці сваёй.
  6. Праўда пабожных ратуе іх, а бязбожнікі будуць злоўлены беззаконьнем сваім.
  7. Надзея бязбожніка зьнікае пры сьмерці, і спадзяваньне бязбожных зьнікае.
  8. Праведніку ёсьць ратунак зь нягоды, а замест яго трапляе ў яе бязбожны.
  9. Вуснамі крывадушнік нішчыць блізкага свайго, а праведнікі празорлівасьцю ратуюцца.
  10. З дабрадзенства праведнікаў радуецца горад, а як гіне бязбожны — сьпявае.
  11. Дабраславеньнем праведных узвышаецца горад, а вуснамі бязбожнікаў руйнуецца.
  12. Недавумак пагарджае блізкім сваім; а разумны чалавек маўчыць.
  13. Хто ходзіць у паклёпніках, той адкрывае таямніцу; а верны чалавек яе хавае.
  14. Дзе няма добрае рады, там занепадае народ, а пры многіх радцах — дабрадзенствуе.
  15. Ліха той сабе спрычыняе, хто паручаецца за староньняга; а хто ненавідзіць заруку, той у бясьпецы.
  16. Жанчына з добрым норавам здабывае гонар, а працавітыя дасягаюць багацьця.
  17. Чалавек мілажальны дабрачыніць душы сваёй, а жорсткі сэрцам разбурае плоць сваю.
  18. Бязбожны робіць справу ненадзейную, а таму, хто сее праўду — узнагарода пэўная.
  19. Праведнасьць вядзе да жыцьця, а хто імкнецца да ліхога, імкнецца да сьмерці сваёй.
  20. Агіда Госпаду — падступныя сэрцам; а падабаецца Яму, хто ў беспахібнасьці ходзіць.
  21. Можна паручыцца, што грэшнік не застанецца без пакараньня; а насеньне праведных уратуецца.
  22. Што залатое колца ў лычы ў сьвіньні, тое жанчына прыгожая і — неразумная.
  23. Жаданьне праведных — толькі дабро, надзея бязбожных — гнеў.
  24. Адзін сыпле шчодра і яму яшчэ дадаецца; а другі звыш меры ашчадлівы, і аднак жа бяднее.
  25. Дабрачынная душа будзе насычана, і хто напойвае іншых, той і сам напоены будзе.
  26. Хто хавае ў сябе збожжа, таго народ кляне; і дабраслаўляе таго, хто прадае.
  27. Хто імкнецца да дабра, той шукае Божае ласкі; а хто шукае благога, да таго яно і прыходзіць.
  28. Хто спадзяецца на багацьце сваё, упадзе; а праведнікі, як лісьце, зазелянеюць.
  29. Хто разладжвае дом свой, успадкуе вецер, а неразумны будзе слугаваць мудраму.
  30. Плод праведніка — дрэва жыцьця, а мудры яднае душы.
  31. Так аддаецца на зямлі праведніку, тым болей бязбожнаму і грэшніку.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter