Выслоўі, разьдзел 10

  1. Выслоўі Саламона. Сын мудры радуе бацьку, а сын бязглузды — засмучэньне маці ягонай.
  2. Не даюць карысьці скарбы няправедныя, а праўда ратуе ад сьмерці.
  3. Не дапусьціць Гасподзь, каб галадала душа праведнага, а зьдзірства бязбожных адкіне.
  4. Лянівая рука робіць бедным, а рука руплівая ўзбагачае.
  5. Хто зьбірае летам — сын разумны, а хто сьпіць у жніва — сын шалапутны.
  6. Дабраславеньні — на галаву праведнага, а вусны бязбожным затуліць насільле.
  7. Памяць пра праведнага дабраславёная будзе, а імя бязбожных спаганьбіцца.
  8. Мудры сэрцам прымае запаведзі, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
  9. Хто ходзіць у беззаганнасьці, той ходзіць бясьпечна; а хто скрыўляе шляхі свае, той будзе выкрыты.
  10. Хто міргае вачыма, той чыніць прыкрасьць, а бязглузды вуснамі спатыкнецца.
  11. Вусны праведніка — крыніца жыцьця, а вусны бязбожным затуліць насільле.
  12. Нянавісьць будзіць разлад, любоў акупае ўсе грахі.
  13. На вуснах у разумнага мудрасьць, а на целе ў дурнога — дубец.
  14. Мудрыя зьберагаюць веды, а вусны немысьля — блізкая пагібель.
  15. Маёмасьць багатага — моцны горад яго, бяда бедным — іхняе ўбоства.
  16. Праца праведнага — на жыцьцё, прыбытак бязбожнага — на грэх.
  17. Хто захоўвае настаўленьне, той на дарозе да жыцьця; а хто пагарджае засьцярогай — блукае.
  18. Хто хавае нянавісьць, у таго вусны ілжывыя; і хто пашырае паклёпы — неразумны.
  19. Пры шматслоўі ня ўнікнуць грэху, а хто стрымлівае вусны свае — разумны.
  20. Чыстае срэбра — язык праведнага, а сэрца бязбожных — нікчэма.
  21. Вусны праведнага пасьвяць многіх, а неразумныя мруць ад нястачы глузду.
  22. Дабраславеньне Гасподняе — яно ўзбагачае і смутку з сабой ня прыносіць.
  23. Радуе немысьля — учынак ганебны, а чалавека разумнага — мудрасьць.
  24. Чаго баіцца бязбожнік, тое спасьцігне яго, а жаданьне праведнікаў збудзецца.
  25. Як падымецца бура, так і няма бязбожнага; а ў праведніка — аснова вечная.
  26. Што воцат зубам і дым вачам, тое гультай тым, хто пасылае яго.
  27. Страх Гасподні дадае дзён, а гады бязбожных скароцяцца.
  28. Спадзяваньне праведнікам — радасьць, а надзея бязбожных загіне.
  29. Шлях Гасподні — цьвярдыня нявінным і пагібель бязбожным.
  30. Праведнік вавек не пахісьнецца, а бязбожныя не пажывуць на зямлі.
  31. З вуснаў праведніка крынічыць мудрасьць, а язык шкодлівы будзе вырваны.
  32. Вусны праведніка любяць богаспадобнае, а вусны бязбожных — разбэшчанае.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter