Выслоўі, разьдзел 9

  1. Мудрасьць збудавала сабе дом, высекла сем слупоў ягоных,
  2. закалола ахвяру, разбавіла віно сваё і прыгатавала ў сябе гасьціну;
  3. паслала слуг сваіх клікаць з вышыняў горада:
  4. «хто неразумны, хай прыйдзе сюды!» А недавумкам сказала:
  5. «ідзеце, ежце мой хлеб, і пеце віно, мною разбаўленае;
  6. адкіньце дурноту, і будзем жыць і хадзіць дарогай разважлівасьці».
  7. Не павучай блюзьнера, бо ганьбу сабе нажывеш, і хто асьцерагае бязбожніка — пляміць сябе.
  8. Не асьцерагай блюзьнера, каб ён не зьненавідзеў цябе; асьцерагай мудрага, і ён палюбіць цябе;
  9. дай настаўленьне мудраму, і ён яшчэ больш умудрыцца; навучы праўдалюбца, і ён памножыць веды.
  10. Пачатак мудрасьці — страх Гасподні, і спазнаньне Сьвятога — розум;
  11. бо мною памножацца дні твае і дадасца табе гадоў жыцьця.
  12. Сыне мой! калі ты змудрыў, мудры для сябе; і калі ўзбуяў, дык адзін і пацерпіш.
  13. Жанчына бяз розуму — крыклівая, дурніца — ні ў чым не абазнаная,
  14. сядае каля дзьвярэй дома свайго на крэсьле, на гарадскіх вышынях,
  15. каб клікаць тых, хто дарогаю ідзе, хто проста сваёю дарогай ідзе:
  16. «хто дурны, заварочвай сюды!», а неразумным кажа яна:
  17. «вада крадзеная салодкая, і ўтоены хлеб смачны».
  18. Але ня ведае ён, што мёртвыя там, у глыбіні апраметнай запрошаны ёю.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter