Псалтыр, псальма 86

  1. Малітва Давідава. Нахілі, Госпадзе вуха Тваё, і пачуй мяне; бо я бедны і ўбогі.
  2. Ахавай душу маю, бо я богабаязны; уратуй, Божа мой, раба Твайго, які на Цябе спадзяецца.
  3. Зьлітуйся зь мяне, Госпадзе, бо Цябе я клічу кожнага дня.
  4. Разьвесялі душу раба Твайго, бо да Цябе, Госпадзе, узношу душу сваю,
  5. бо Ты, Госпадзе, добры і міласэрны і мілажальны да ўсіх, хто кліча Цябе.
  6. Пачуй, Госпадзе, малітву маю, і прыслухайся да голасу маленьня майго.
  7. У дзень смутку майго я клічу Цябе, бо Ты пачуеш мяне.
  8. Няма, Госпадзе, паміж багамі такога, як Ты, і дзеяў няма, як Твае.
  9. Усе народы, Табою створаныя, прыйдуць і схіляцца прад Табою, Госпадзе, і праславяць імя Тваё,
  10. бо Ты вялікі, творыш дзівосы, — Ты, Божа, адзіны Ты.
  11. Настаў мяне, Госпадзе, на дарогу Тваю, і хадзіцьму ў праўдзе Тваёй; умацуй сэрца маё ў страху імя Твайго
  12. Буду славіць Цябе, Госпадзе, Божа мой, усім сэрцам маім і славіць імя Тваё вечна,
  13. бо вялікая ласка Твая да мяне; Ты выбавіў душу маю ад пекла апраметнага.
  14. Божа! на мяне гардуны паўсталі, і хэўра мяцежнікаў шукае душы маёй; і перад сабою ня ставяць Цябе.
  15. Але Ты, Госпадзе, Божа шчодры і сэрцам шчыры, доўгацярплівы і шматлітасьцівы і справядлівы,
  16. паглядзі на мяне і ўмілажалься зь мяне; дай моц Тваю рабу Твайму, і ўратуй сына рабы Тваёй;
  17. учыні на мне азнаку на добрае, хай бачаць мяне ненавісьнікі мае і пасаромяцца, бо Ты, Госпадзе, дапамог мне і суцешыў мяне.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter