Псалтыр, псальма 85

  1. Кіроўцу хору. Сыноў Карэевых. Псальма.
  2. Госпадзе! Ты ўмілажаліўся зь зямлі Тваёй, вярнуў палон Якаваў;
  3. беззаконьне народу Твайго дараваў, усе грахі ягоныя пакрыў,
  4. гнеў Твой увесь суняў, адвярнуў лютасьць гневу Твайго.
  5. Узнаві нас, Божа ратунку нашага, і спыні абуранасьць Тваю намі.
  6. Няўжо вечна будзеш гневацца на нас, і пашырыш Твой гнеў з роду ў род?
  7. Няўжо зноў не ажывіш нас, каб народ Твой зарадаваўся Табе?
  8. Пакажы нам, Госпадзе, ласку Тваю, і даруй нам выратаваньне Тваё.
  9. Паслухаю, што скажа Гасподзь Бог. Ён скажа мір народу Свайму і выбранцам Сваім; і няхай не ўпадуць яны зноў у неразважлівасьць.
  10. Сапраўды, выратаваньне Ягонае блізкае тым, хто баіцца Яго, каб слава Ягоная жыла ў нашай зямлі.
  11. Вернасьць і мілата сустрэнуцца, справядлівасьць і мір пацалуюцца;
  12. зь зямлі вернасьць вырасьце, а справядлівасьць прыхіліцца зь неба;
  13. і Гасподзь дабрадзенства ўдзеліць, і ўродзіць зямля наша плод свой;
  14. прад Ім справядлівасьць пойдзе, і дарогу нам вызначыць крокам Ягоным.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter