Псалтыр, псальма 83

  1. Песьня. Псальма Асафава.
  2. Божа! Не перамоўчы, не маўчы, і не заставайся спакойны, Божа!
  3. Бо вось, ворагі Твае зашумелі, і ненавісьнікі Твае паднялі галаву:
  4. супроць народу Твайго склалі падступную змову, і раяцца супроць тых, каго Ты ахоўваеш;
  5. сказалі: «пойдзем і вынішчым іх з народаў, каб і ня згадвалася болей імя Ізраіля».
  6. Змовіліся аднадушна, склалі супроць Цябе хаўрус:
  7. селішчы Эдомавыя і Ізмаільцяне, Мааў і Агаране,
  8. Гевал і Амон і Амалік, Філістымляне з жыхарамі Тыра;
  9. і Асур прыстаў да іх; яны сталі сілаю ўсім сынам Лотавым.
  10. Зрабі ім тое самае, што Мадыяму, што Сісару, што Явіну каля патока Кісона,
  11. якія вынішчаны ў Аэндоры, зрабіліся гноем зямлі.
  12. Зрабі зь імі, з уладарамі іхнімі, як з Орывам і Зівам, і з усімі правадырамі іхнімі, як зь Зэвэем і Салманам,
  13. якія казалі: «возьмем сабе на валоданьне селішчы Божыя».
  14. Божа мой! хай будуць яны, як пыл у віхуры, як на вятры салома.
  15. Як вагонь выпальвае лес, і як полымя апальвае горы,
  16. так гані іх бураю Тваёю, і настрашы іх бураю Тваёю,
  17. напоўні аблічча іхняе сорамам, каб шукалі яны імя Тваё, Госпадзе!
  18. Хай пасаромяцца і настрашаны будуць навечна, хай брыдка ім будзе і хай загінуць,
  19. і няхай яны ведаюць, што Ты, Каму адзінаму імя — Гасподзь, Усявышні над усёю зямлёю.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter