Псалтыр, псальма 72

  1. Пра Саламона. Псальма Давідава. Божа! даруй цару Твой суд і сыну цара Тваю праўду,
  2. няхай судзіць людзей Тваіх справядліва і ўбогіх Тваіх на судзе;
  3. няхай прынясуць горы мір людзям і пагоркі праўду;
  4. няхай судзіць убогіх народу, няхай выратуе сыноў убогага, і суйме прыгнятальніка, —
  5. і будуць баяцца Цябе, пакуль будуць сонца і месяц, у роды родаў.
  6. Ён сыдзе, як дождж на скошаны луг, як кроплі, што арашаюць зямлю;
  7. У дні ягоныя праведнік будзе цьвісьці, і будзе вялікі спакой, пакуль ня спыніцца месяц:
  8. ён будзе валадарыць ад мора да мора і ад ракі да краёў зямлі;
  9. упадуць перад ім жыхары пустыняў, і ворагі ягоныя будуць лізаць пыл;
  10. цары Тарсіса і выспаў даніну яму паднясуць; цары Аравіі і Савы дары паднясуць;
  11. і паклоняцца яму ўсе цары; усе народы служыцьмуць яму;
  12. бо вызваліць ён убогага, што галосіць, і прыгнечанага, што дапамогі ня мае,
  13. умілажаліцца з гаротніка ўбогага, і душы гаротнікаў уратуе;
  14. ад хітрыны і гвалту вызваліць душы іхнія, і каштоўнаю будзе кроў перад вачыма ягонымі;
  15. і будзе жыць, і будуць даваць яму золата Аравіі, і будуць маліцца за яго няспынна, кожнага дня дабраслаўляць яго;
  16. на зямлі будзе шчодрае збожжа, наверсе гор; і плады ягоныя захвалююцца, быццам лес на Ліване, і ў гарадах размножацца людзі, як трава на зямлі;
  17. будзе імя ягонае дабраславёнае навечна; пакуль сонца жыве, будзе перадавацца імя ягонае; і дабраславяцца ў ім усе плямёны зямныя, усе народы будуць злагоджваць яго.
  18. Дабраславёны Гасподзь Бог, Бог Ізраілеў, адзіны, Хто творыць цуды,
  19. і дабраславёнае імя славы Ягонае навечна, і напоўніцца славаю Яго ўся зямля. Амін і амін.
  20. Скончыліся малітвы Давіда, сына Ясэевага.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter