Псалтыр, псальма 56

  1. Кіроўцу хору. Пра галубіцу маўклівую ў пустках далёкіх. Залатая псальма Давіда, калі Філістымляне схапілі яго былі ў Гэце.
  2. Зьлітуйся, Божа, зь мяне. Бо чалавек хоча мяне праглынуць; кожнага дня на мяне нападаючы, уціскае мяне.
  3. Цэлы дзень ворагі віжуюць за мною заўзята, многа іх паўстае на мяне, Усявышні!
  4. Калі страх агартае мяне, я надзею кладу на Цябе.
  5. У Богу я ўслаўлю слова Ягонае; на Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне цела?
  6. Кожнага дня пераварочваюць словы мае; усе іхнія намыслы супраць мяне — на ліхое:
  7. зьбіраюцца, тояцца, сьлед мой высочваюць, каб улавіць душу маю.
  8. Няўжо яны ўнікнуць адплаты за няпраўду сваю? У гневе адкінь, Божа, народы.
  9. Палічыў Ты туляньні мае; пакладзі мае сьлёзы ў сасуд прад Табою, — ці ня ў кнізе яны Тваёй?
  10. Ворагі мае ўцякаюць назад, калі я клічу Цябе; з гэтага я і даведваюся, што Бог за мяне.
  11. У Богу я ўслаўлю слова Ягонае, у Госпадзе ўслаўлю слова Ягонае.
  12. На Бога надзею кладу, не баюся; што зробіць мне чалавек?
  13. На мне, Божа, прысягі Табе; Табе аддам ахвяры хвалы,
  14. бо Ты збавіў душу маю ад сьмерці, і ногі мае ад спатыканьня, каб хадзіў я прад абліччам Божым у сьвятле жывых.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter