Псалтыр, псальма 33

  1. Псальма Давідава. Радуйцеся, праведнікі, у Госпадзе: шчырым прыстоіць хваліць!
  2. Услаўляйце Госпада арфамі, сьпявайце Яму на дзесяціструннай псалтыры;
  3. новую песьню сьпявайце Яму; зладжана пойце Яму, з ускліцаньнем,
  4. бо слова Гасподняе — шчырае, і ўсе дзеі Ягоныя правільныя.
  5. Ён любіць праўду і суд; Гасподняю міласьцю зямля поўніцца.
  6. Словам Госпада створаны нябёсы, і духам вуснаў Ягоных — усе сілы нябесныя.
  7. Ён сабраў, быццам груды, марскія воды; бездані склаў у каморах.
  8. Хай баіцца Госпада ўся зямля; хай трымціць прад Ім усё жывое на сьвеце,
  9. бо сказаў Ён — і сталася; Ён загадаў — і зьявілася.
  10. Гасподзь разбурае рады язычнікаў; зьнішчае намыслы народаў.
  11. А рада Гасподняя вечна стаяцьме; задумы сэрца Ягонага — з роду ў род.
  12. Дабрашчасны народ, у якога Гасподзь ёсьць Бог, — племя, якое Ён выбраў у спадчыну Сабе.
  13. Гасподзь паглядае зь нябёсаў, бачыць усіх сыноў чалавечых;
  14. з трона Свайго Ён пазірае на ўсіх, што жывуць на зямлі:
  15. Ён стварыў сэрцы ўсіх іх, і ўважае ўсім іхнім дзеям.
  16. Цар не ўратуецца мноствам войска; не ўбароніць волата вялікая сіла.
  17. Ненадзейны конь для ратаваньня, ня вызваліць сілай вялікай сваёю.
  18. Вось, вока Гасподняе над тымі, хто баіцца Яго, і хто спадзяецца на літасьць Ягоную,
  19. што Ён душу іхнюю ўратуе ад сьмерці і ў час галодны накорміць іх.
  20. Душа наша мае надзею на Госпада: Ён дапамога наша;
  21. Ім радуецца сэрца наша, бо на сьвятое імя Ягонае мы спадзяваліся.
  22. Хай будзе ласка Твая, Госпадзе, з намі, мы так на Цябе надзею ўскладаем.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter