Псалтыр, псальма 135

  1. Алілуя. Хвалеце імя Гасподняе, хвалеце, рабы Гасподнія,
  2. усе, хто стаіць у доме Гасподнім, у дварах Бога нашага.
  3. Хвалеце Госпада, бо Гасподзь добры; сьпявайце імю Ягонаму, бо гэта соладка,
  4. бо Гасподзь абраў сабе Якава, Ізраіля ўласнасьцю Сваёю.
  5. Я ўведаў, што Гасподзь вялікі, і Гасподзь наш вышэйшы за ўсіх багоў.
  6. Гасподзь творыць усё, што хоча, на нябёсах і на зямлі, на морах і ва ўсіх прадоньнях;
  7. узводзіць хмары ад краю зямлі, творыць маланкі пры дажджы, выводзіць вецер са сховішчаў Сваіх.
  8. Ён пабіў першынцаў Егіпта, ад чалавека да быдла,
  9. паслаў азнакі і цуды сярод цябе, Егіпце, на фараона і на ўсіх рабоў ягоных,
  10. пабіў народы многія, і вынішчыў цароў моцных:
  11. Сігона, цара Амарэйскага, і Ога, цара Васанскага, і ўсе царствы Ханаанскія;
  12. і аддаў зямлю іхнюю ў спадчыну, у спадчыну Ізраілю, народу Свайму.
  13. Госпадзе! імя Тваё навечна; Госпадзе! памяць пра Цябе з роду ў род.
  14. Бо Гасподзь судзіцьме народ Свой, і з рабоў Сваіх умілажаліцца.
  15. Ідалы язычнікаў — срэбра і золата, утворы рук чалавечых.
  16. Ёсьць у іх вусны, але не маўляюць, ёсьць у іх вочы, але ня бачаць;
  17. ёсьць у іх вушы, але ня чуюць, і няма дыханьня ў вуснах у іх.
  18. Спадобняцца ім тыя, што робяць іх, і кожны, хто спадзяецца на іх.
  19. Доме Ізраілеў! дабраславеце Госпада. Доме Ааронаў! дабраславеце Госпада.
  20. Доме Лявія! дабраславеце Госпада. Хто баіцца Госпада, дабраславеце Госпада.
  21. Дабраславёны Гасподзь ад Сіёна, Які жыве ў Ерусаліме! Алілуя!
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter