Псалтыр, псальма 107

  1. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна літасьць Ягоная!
  2. Так хай скажуць уратаваныя Госпадам, як іх збавіў Ён ад рук ворага
  3. і сабраў з краін, ад усходу і захаду, ад поўначы і мора.
  4. Яны блукалі ў пустыні бязьлюднымі шляхамі, і не знаходзілі населенага горада;
  5. цярпелі голад і смагу, душа іхняя тлелася ў іх.
  6. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выбавіў іх ад нягодаў іхніх,
  7. і павёў іх простай дарогай, каб яны ішлі да населенага горада.
  8. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя для сыноў чалавечых:
  9. бо Ён спатоліў душу спрагненую, і душу сьмяглую напоўніў дабром.
  10. Яны сядзелі ў цемры і ў засені сьмяротнай, скаваныя скрухаю і жалезам;
  11. бо не ўпакорваліся словам Божым і волю Ўсявышняга занядбалі.
  12. Ён упакорыў ім сэрца працаю; і яны зьнемаглі, і ня было памочніка.
  13. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён выратаваў іх ад бедстваў іхніх,
  14. вывеў іх зь цемры і засені сьмяротнай, і разарваў іхнія путы.
  15. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя справы Ягоныя для сыноў чалавечых:
  16. бо Ён разбурыў браму медную, і жалезныя кайданы паламаў.
  17. Неразумныя цярпелі за беззаконныя шляхі свае і за няпраўды свае;
  18. усякаю ежаю грэбавала душа іх, і яны набліжаліся да брамы сьмерці.
  19. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён уратаваў іх у іхняй нягодзе;
  20. паслаў слова Сваё, і ацаліў іх, і выбавіў іх ад магілаў іхніх.
  21. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за цудоўныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
  22. Хай прыносяць Яму ахвяру хвалы, і хай абвяшчаюць пра справы Ягоныя песьняю!
  23. Хто выпраўляецца на караблях у мора, хто справы ўчыняе на водах вялікіх, —
  24. бачыць Гасподнія дзеі і цуды Ягоныя ў бездані:
  25. Ён маўляе, — і паўстае буйны вецер, і высока падымае хвалі яго:
  26. узыходзяць да неба, ападаюць у бездань; душа іхняя растае ў нягодах;
  27. яны кружацца і хістаюцца, нібы п'яныя, і ўся мудрасьць іхняя зьнікае.
  28. Але паклікалі Госпада ў скрусе сваёй, і Ён вывеў іх зь нягодаў іхніх.
  29. Ён ператварае буру ў цішыню, і хвалі сунімаюцца.
  30. І радуюцца, што яны суцішыліся, і Ён прыводзіць іх да жаданае прыстані.
  31. Хай славяць Госпада за ласку Ягоную і за дзівосныя дзеі Ягоныя сынам чалавечым!
  32. Хай славяць Яго на сходзе народным, і хай славяць Яго ў гурце старэйшынаў!
  33. Ён ператварае рэкі ў пустыню і крыніцы вады — у сушу,
  34. зямлю пладавітую — у саланчак, за бязбожнасьць тых, што жывуць на ёй.
  35. Ён ператварае пустыню ў возера, і зямлю высахлую — у крыніцу вады;
  36. і пасяляе там спрагненых, і яны будуюць горад, каб жыць у ім;
  37. засяваюць палеткі, садзяць вінаграднікі, якія родзяць ім багатыя плады.
  38. Ён дабраслаўляе іх, і яны вельмі памнажаюцца, і ў іх быдла ня менее.
  39. Паменшыліся яны, і ўпалі ад прыгнёту, гароты і скрухі;
  40. Ён вылівае зьнявагу на князёў, і пакідае іх блукаць у пустыні, дзе дарог няма.
  41. А гаротнага выцягвае з гароты, і род ягоны памнажае, як статак авечак.
  42. Праведнікі бачаць гэта, і радуюцца, а ўсякае няверства засланяе вусны свае.
  43. Хто мудры, той заўважыць гэта, і зразумее ласку Госпада.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter