Псалтыр, псальма 106

  1. Алілуя. Слаўце Госпада, бо Ён добры, бо навечна ласка Ягоная.
  2. Хто выкажа магутнасьць Госпада, хто абвесьціць усю славу Ягоную?
  3. Дабрашчасныя — хто трымаецца права, хто чыніць па праўдзе ва ўсякі час!
  4. Спамяні пра мяне, Госпадзе, у зычлівасьці да народу Твайго; наведай мяне ратаваньнем Тваім,
  5. каб угледзеў я дабрадзенства выбранцаў Тваіх, каб радаваўся я радасьцю народу Твайго, каб хваліўся я спадчынаю Тваёю.
  6. Зграшылі мы з бацькамі нашымі, учынілі бяспраўе, скрывілі праўду.
  7. Бацькі нашыя ў Егіпце не зразумелі цудаў Тваіх, не памяталі безьлічы міласьцяў Тваіх і ўзбунтаваліся каля мора, Чэрмнага мора.
  8. Але Ён уратаваў іх дзеля імя Свайго, каб паказаць магутнасьць Сваю.
  9. Грозна прамовіў мору Чэрмнаму, і яно высахла; і правёў іх прадоньнем, як па сухім;
  10. і ўратаваў іх ад рукі ненавісьніка і выбавіў іх ад рукі ворага.
  11. Воды накрылі ворагаў іхніх; ніводнага зь іх не засталося.
  12. І паверылі яны словам Ягоным, і пасьпявалі славу Яму.
  13. Але неўзабаве забылі дзеі Ягоныя, не дачакаліся Ягонага пажаданьня:
  14. і загарэліся ў пустыні пажадай, і спакусілі Бога ў бязьлюднай.
  15. І Ён выканаў іхнюю просьбу, але паслаў на іх душы пошасьць.
  16. І пазайздросьцілі ў табары Майсею і Аарону, сьвятому Гасподняму.
  17. Раскалолася зямля, і паглынула Датана, і накрыла Ааронавую зборню.
  18. І загарэўся вагонь на зборні іхняй, полымя папаліла бязбожных.
  19. Зрабілі цяля каля Харыва, і пакланіліся ідалу;
  20. і памянялі славу сваю на выяву вала, які есьць траву.
  21. Забыліся Бога, Збаўцу свайго, Які велічнае ў Егіпце ўчыніў,
  22. дзівоснае ў зямлі Хамавай, страшэннае каля Чэрмнага мора.
  23. І хацеў вынішчыць іх, калі б Майсей, выбранец Ягоны, ня стаў прад Ім у расколіне, каб адвесьці ятру Ягоную, не пагубіць іх.
  24. І пагардзілі яны зямлёю жаданаю, ня верылі слову Ягонаму;
  25. і наракалі ў палатках сваіх, ня слухаліся голасу Гасподняга.
  26. І падняў Ён руку Сваю на іх, каб зубожыць іх у пустыні,
  27. і зубожыць іхні род сярод народаў і расьсеяць іх па зямлі.
  28. Яны прыляпіліся да Ваалфэгора, і елі ахвяры бяздушным,
  29. і разгневалі Бога сваімі ўчынкамі, і напала пошасьць на іх.
  30. І паўстаў Фінээс, і ўчыніў суд, — і спынілася пошасьць
  31. І залічана гэта яму ў праведнасьць на векі вечныя з роду ў род.
  32. І ўгневалі Бога каля водаў Мэрывы, і Майсей пацярпеў за іх,
  33. бо засмуцілі яны дух ягоны, і ён паграшыў вуснамі сваімі.
  34. Ня вынішчылі народаў, пра якія сказаў ім Гасподзь;
  35. а зьмяшаліся зь язычнікамі, і навучыліся дзеяў іхніх;
  36. служылі ідалам іхнім, якія былі ім сеткаю,
  37. і прыносілі сыноў сваіх і дачок сваіх у ахвяру дэманам;
  38. пралівалі кроў бязьвінную, кроў сыноў сваіх і дочак сваіх, якіх прыносілі ў ахвяру ідалам Ханаанскім, — і зьнячысьцілася зямля крывёю;
  39. зьнячышчалі сябе дзеямі сваімі і распусьнічалі ўчынкамі сваімі.
  40. І запалаў гнеў Гасподні на народ Ягоны, і пагрэбаваў Ён спадчынай Сваёю
  41. і перадаў іх у рукі язычнікам, і ненавісьнікі іх завалодалі імі.
  42. Ворагі іхнія ўціскалі іх, і яны ўпакорваліся пад рукою іхняю.
  43. Шмат разоў Ён іх вызваляў; а яны немарасьціліся прад Ім, і прыніжаліся за беззаконьне сваё.
  44. Але Ён зважаў на іх смутак, калі чуў іхнія енкі,
  45. і прыгадваў запавет Свой зь імі, і раскайваўся ў многіх міласьцях Сваіх,
  46. і абуджаў спагаду да іх ва ўсіх, хто іх браў у палон.
  47. Ратуй нас, Госпадзе, Божа наш, зьбяры нас спаміж народаў, каб мы славілі сьвятое імя Тваё, хваліліся Тваёю славаю.
  48. Дабраславёны Гасподзь, Бог Ізраілеў, спрадвеку і навечна! І хай скажа ўвесь народ: амін! Алілуя!
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter