Ёв, разьдзел 30

  1. А сёньня сьмяюцца зь мяне і малодшыя за мяне гадамі, тыя, чыіх бацькоў я не згадзіўся б пасадзіць разам з сабакамі статкаў маіх.
  2. І сіла рук іхніх навошта мне? Над імі ўжо прайшоў час.
  3. Беднасьцю і голадам змораныя, яны ўцякаюць у стэп бязводны, змрочны і апусьцелы;
  4. скубуць зеляніну каля кустоў, і ягады ядлоўцавыя — хлеб іхні.
  5. З суполкі выганяюць іх, крычаць на іх, як на злодзеяў,
  6. каб жылі яны ў калдобінах патокаў, у цясьнінах зямлі і скалаў.
  7. Равуць паміж кустамі, ціснуцца пад цернем.
  8. Людзі адкінутыя, людзі бязь імя, адкіды зямлі!
  9. Я і зрабіўся цяпер іхняй і ежаю іхняй гутаркі.
  10. Яны грэбуюць мною, аддаляюцца ад мяне і не перастаюць пляваць перад абліччам маім.
  11. Як што Ён разьвязаў повад мой і пабіў мяне, дык яны скінулі зь сябе кілзы перад абліччам маім.
  12. З правага боку ўстае гэты вылюдак, зьбівае мяне з ног, кіруе свае пагібельныя шляхі да мяне.
  13. А маю сьцежку сапсавалі: усё пасьпеплі зрабіць дзеля маёй пагібелі, ня маючы памочніка.
  14. Яны прыйшлі да мяне, як праз шырокую праломіну; з шумам кінуліся на мяне.
  15. Жахі памкнуліся на мяне; як вецер, разьвеялася веліч мая, і шчасьце маё адляцела, як воблака.
  16. І сёньня выліваецца душа мая; дні смутку агарнулі мяне.
  17. Уначы ныюць ува мне косьці мае; дні смутку агарнулі мяне.
  18. Вельмі цяжка здымаецца зь мяне вопратка мая; краі хітона ціснуць мяне.
  19. Ён кінуў мяне ў бруд, і я зрабіўся, як пыл і попел.
  20. Я заклікаю Цябе, і Ты ня слухаеш мяне, — стаю, а Ты толькі глядзіш на мяне.
  21. Ты зрабіўся жорсткім да мяне, моцнаю рукою варагуеш супроць мяне.
  22. Ты падняў мяне і прымусіў мяне насіцца па ветры і ламаеш мяне.
  23. Так, я ведаю, што Ты прывядзеш мяне да сьмерці і ў дом збору ўсіх, што жывуць.
  24. Правільна, Ён не працягне рукі Сваёй над домам касьцей: ці будуць яны крычаць пры сваім разбурэньні?
  25. Ці ня плакаў я па тым, хто быў у горы; ці ня журылася душа мая па бедных?
  26. Калі я чакаў дабра, прыйшло зло; калі я чакаў сьвятла, прыйшла цемра.
  27. Мае вантробы кіпяць і не перастаюць; сустрэлі мяне дні смутку.
  28. Я хаджу пачарнелы, але не ад сонца; устаю на сходзе і крычу.
  29. Я зрабіўся братам шакалам і сябрам страўсам.
  30. Мая скура пачарнела на мне, і косьці мае абгарэлі ад сьпёкі.
  31. І цытра мая зрабілася панылаю, а жалейка мая — голасам сьлёзным.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter