Ёв, разьдзел 20

  1. І адказваў Сатар Нааміцянін і сказаў:
  2. развагі мае змушаюць мяне адказаць, і я сьпяшаюся выказаць іх.
  3. Дакор ганебны мне выслухаў я, і дух разуменьня майго адкажа за мяне.
  4. Хіба ня ведаеш ты, што спрадвеку, — з таго часу, як пастаўлены чалавек на зямлі,
  5. весялосьць беззаконных кароткая ў часе, і радасьць крывадушнікаў імгненная?
  6. Хоць бы вырасла да нябёсаў веліч ягоная, і галава ягоная дастала да воблакаў, —
  7. як памёт ягоны, навекі прападае ён; тыя, што бачылі яго, скажуць, дзе ён?
  8. Як сон, адляціць, і ня знойдуць яго; і, як начны відзеж, зьнікне.
  9. Вока, якое бачыла яго, больш не пабачыць яго, і ўжо ня ўгледзіць яго месца ягонае.
  10. Сыны яго будуць шукаць ласкі ў жабракоў, і рукі ягоныя вернуць украдзенае ім.
  11. Косткі яго напоўнены грахамі маладосьці ягонай, і зь ім лягуць яны ў пыл.
  12. Калі салодкае ў роце яго зло і ён тоіць яго пад языком сваім,
  13. беражэ і ня кідае яго, а трымае яго ў вуснах, —
  14. дык гэтая ежа ягоная ў нутробе ягонай ператворыцца ў жоўць аспідаў усярэдзіне ў яго.
  15. Маёмасьць, якую ён глытаў, выблюе: Бог вырве яго з чэрава ягонага.
  16. Зьмяіны яд ён смокча; усьмерціць яго язык зьмяіны.
  17. Ня бачыць яму ручаёў, рэк, якія плывуць мёдам і малаком!
  18. Нажытае працай верне, не праглыне; у меру маёмасьці ягонай будзе і адплата ягоная, а ён не парадуецца.
  19. Бо ён прыгнятаў, адсылаў бедных, захопліваў дамы, якіх не будаваў;
  20. ня ведаў сытасьці ў чэраве сваім і ў прагнасьці сваёй не шкадаваў нічога.
  21. Нішто не ўратавалася ад ненаеднасьці ягонай, затое ня вытрывае шчасьце ягонае.
  22. У поўніцы багацьця будзе цесна яму; рука кожнага пакрыўджанага падымецца на яго.
  23. Калі будзе чым напоўніць нутробу ягоную, Ён пашле на яго лютасьць гневу Свайго і здожджыць на яго хваробы ў плоці ягонай.
  24. Як уцячэ ён ад зброі жалезнай, — пратне яго лук медны;
  25. пачне вымаць стралу, — і яна выйдзе зь цела, выйдзе, зьзяючы праз жоўць ягоную; жахі сьмерці прыйдуць на яго!
  26. Усё змрочнае схавана ўсярэдзіне ў яго; будзе пажыраць яго агонь, нікім не разьдзіманы; ліха напаткае і ўсё, што засталося ў намёце ягоным.
  27. Неба адкрые беззаконьне ягонае, і зямля паўстане супроць яго.
  28. Зьнікне сьцягнутае з дома ягонага; усё расплывецца ў дзень гневу Яго.
  29. Вось доля чалавеку беззаконнаму ад Бога і спадчына, вызначаная яму Ўсеўладным!
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter