Ёв, разьдзел 4

  1. І адказваў Эліфаз Фэманіцянін і сказаў:
  2. калі паспрабуем мы сказаць табе слова, — ці ня цяжка будзе табе? Урэшце, хто можа забараніць слова!
  3. Вось, ты настаўляў многіх і кволыя рукі падтрымліваў,
  4. таго, хто падаў, падымалі словы твае, і аслаблыя калені ты мацаваў.
  5. А цяпер дайшло да цябе, і зьнямогся ты; дайшло да цябе, і ты падупаў духам.
  6. Богабаязнасьць твая ці ж не павінна быць тваёю надзеяй, і беспахібнасьць шляхоў тваіх — спадзяваньнем тваім?
  7. Згадай жа, ці гінуў хто невінаваты, і дзе праведных выкарчоўвалі б?
  8. Як я бачыў, дык тыя, што аралі бязбожнае і сеялі ліхое, жнуць яго;
  9. ад павеву Божага гінуць і ад духу гневу Ягонага чэзнуць.
  10. Рык ільва і голас таго, хто рыкае, моўкне, і зубы львянят крышацца;
  11. магутны леў гіне без здабычы, і дзеці ільвіцы расьсейваюцца.
  12. І вось да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло нешта ад яго.
  13. Сярод разважаньняў пра начныя відзежы, калі сон ахінае людзей,
  14. агарнуў мяне жах і дрыгат і скалануў усе косьці мае.
  15. І дух прайшоў над мною; дыбарам сталі валасы на мне.
  16. Ён стаў, — але я не пазнаў твару ягонага, — толькі аблічча было перад вачыма маімі; ціхі павеў, — і я чую голас:
  17. ці ж чалавек справядлівейшы за Бога? і мужчына ці ж чысьцейшы за Творцу свайго?
  18. Вось, Ён і слугам Сваім не давярае і ў анёлах Сваіх бачыць заганы:
  19. тым болей — у тых, што жывуць у харомінах з гліны, аснова якіх пыл, якія нішчацца хутчэй за моль.
  20. З раніцы да вечара яны распадаюцца; ня згледзіш, як яны зьнікнуць зусім.
  21. Ці ня гінуць разам зь імі і вартасьці іхнія? Яны паміраюць, не дасягнуўшы мудрасьці.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter