Нээмія, разьдзел 13

  1. У той дзень чытана было з кнігі Майсеевай уголас народу і знойдзена напісанае ў ёй: Аманіцянін і Маавіцянін ня можа ўвайсьці ў супольства Божае вавек,
  2. бо яны ня сустрэлі сыноў Ізраіля з хлебам і вадою і нанялі супроць Яго Валаама, каб праклясьці яго, але Бог наш абярнуў праклён у дабраславеньне.
  3. Пачуўшы гэты закон, яны аддзялілі ўсё іншапляменнае ад Ізраіля.
  4. А найперш сьвятар Эльяшыў, прыстаўлены да пакояў пры доме Бога нашага, блізкі сваяк Товіі,
  5. падрыхтаваў яму вялікі пакой, у які раней клалі хлебнае прынашэньне, ладан і посуд, і дзесяціны хлеба, віна і алею, вызначаныя законам лявітам, сьпевакам і брамнікам, і прынашэньні сьвятарам.
  6. Калі ўсё гэта адбывалася, я ня быў у Ерусаліме, бо ў дваццаць другім годзе Вавілонскага цара Артаксэркса я хадзіў да цара, і празь некалькі дзён зноў выпрасіўся ў цара.
  7. Калі я прыйшоў у Ерусалім і даведаўся пра благую справу, якую ўчыніў Эльяшыў, падрыхтаваўшы Товію пакой на дварах дома Божага,
  8. тады мне было вельмі непрыемна, і я выкінуў усе хатнія рэчы Товіі прэч з пакоя
  9. і сказаў, каб ачысьцілі пакоі, і загадаў зноў унесьці туды посуд дома Божага, хлебнае прынашэньне і ладан.
  10. Яшчэ даведаўся я, што лявіты і сьпевакі, якія рабілі сваю справу, разьбегліся, кожны на сваё поле.
  11. І зрабіў за гэта вымову начальнікам і сказаў: навошта пакінуты намі дом Божы? І я сабраў іх і паставіў іх на месца іхняе.
  12. І ўсе Юдэі пачалі прыносіць дзесяціны хлеба, віна і алею ў кладоўкі.
  13. І прыставіў я да кладовак Шэлэмію сьвятара і Садока кніжніка і Фэдаю зь лявітаў, і пры іх Ханана, сына Закхура, сына Мэтаніі, бо яны лічыліся вернымі. І на іх ускладзена раздаваць часткі братам сваім.
  14. Спамяні мяне за гэта, Божа мой, і ня згладзь руплівых дзеяў маіх, якія я рабіў дзеля дому Бога майго і дзеля служэньня пры ім!
  15. У тыя дні я ўбачыў у Юдэі, што ў суботу топчуць чавілы, возяць снапы і наўючваюць аслоў віном, вінаградам, смоквамі і ўсялякім грузам, і вязуць у суботні дзень у Ерусалім. І я строга выгаварыў ім таго ж самага дня, калі яны прадавалі страўнае.
  16. І Тыране жылі ў Юдэі і прывозілі рыбу і ўсялякі тавар і прадавалі ў суботу жыхарам Юдэі і ў Ерусаліме.
  17. І я зрабіў вымову самым знакамітым зь Юдэяў і сказаў ім: навошта вы робіце такое благоцьце і апаганьваеце дзень суботні?
  18. Ці ня так рабілі бацькі вашыя, і за тое Бог наш навёў на нас і на горад гэты ўсё гэтае бедства? А вы пабольшваеце гнеў Ягоны на Ізраіля, апаганьваючы суботу.
  19. Пасьля гэтага, калі зьмяркалася каля брамы Ерусалімскай, перад суботаю, я загадаў замыкаць дзьверы і сказаў, каб не адмыкалі іх да раніцы пасьля суботы. І слуг маіх я ставіў каля брамы, каб ніякая ноша не праходзіла ў дзень суботні.
  20. І начавалі гандляры і прадаўцы ўсялякага тавару па-за Ерусалімам раз і два.
  21. Але я строга выгаварыў ім і сказаў ім: навошта вы начуеце каля сьцяны? Калі зробіце гэта другім разам, я накладу руку на вас. З таго часу яны ня прыходзілі ў суботу.
  22. І сказаў я лявітам, каб яны ачысьціліся і прыйшлі трымаць варту каля брамы, каб сьвяціць дзень суботні. І за гэта спамяні мяне, Божа мой, і пашкадуй мяне зь вялікай літасьці Тваёй!
  23. Яшчэ тымі днямі бачыў я Юдэяў, якія пабралі сабе жонак з Азацянак, Аманіцянак і Маавіцянак;
  24. і таму сыны іхнія напалавіну гавораць па-Азоцку, альбо мовай іншых народаў, і ня ўмеюць гаварыць па-Юдэйску.
  25. Я зрабіў за гэта вымову і праклінаў іх, і некаторых з мужоў біў, рваў у іх валасы і заклінаў іх Богам, каб яны не аддавалі дачок сваіх за сыноў іхніх, і ня бралі дачок іхніх за сыноў сваіх і за сябе.
  26. Ці не празь іх, казаў я, грашыў Саламон, цар Ізраілеў? У многіх народаў ня было такога цара, як ён. Ён быў любімы Богам сваім, і Бог паставіў яго царом над усімі Ізраільцянамі; і аднак жа чужаземныя жонкі ўвялі ў грэх і яго.
  27. І ці можна нам чуць пра вас, што вы робіце ўсё гэта вялікае ліха, грэшыце прад Богам нашым, прымаючы ў сужыцьцё чужаземных жонак?
  28. І з сыноў Ёяды, сына вялікага сьвятара Эльяшыва, адзін быў зяцем Санавалата Хараніта. Я прагнаў яго ад сябе.
  29. Спамяні ім, Божа мой, што яны зганьбілі сьвятарства і запавет сьвятарскі і лявіцкі!
  30. Так ачысьціў я іх ад усяго чужаземнага і аднавіў службы сьвятароў і лявітаў, кожнага ў дзеі ягонай,
  31. і дастаўку дроў у прызначаны час і пачаткі. Спамяні мяне, Божа мой, дзеля дабра мне!
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter