Другая Летапісаў, разьдзел 25

  1. У дваццаць пяць гадоў зацараваў Амасія і валадарыў у Ерусаліме дваццаць дзевяць гадоў; імя маці ягонай Егаадань зь Ерусаліма.
  2. І рабіў ён заўгоднае ў вачах Гасподніх, але не ад поўнага сэрца.
  3. Калі ўцьвердзілася за ім царства, тады ён аддаў сьмерці рабоў сваіх, якія забілі цара, бацьку ягонага.
  4. Але дзяцей іхніх не забіў, бо напісана ў законе, у кнізе Майсеевай, дзе запавядаў Гасподзь, кажучы: не павінны быць забіваныя бацькі за дзяцей, і дзеці не павінны быць забіваныя за бацькоў, а кожны за сваё злачынства павінен памерці.
  5. І сабраў Амасія Юдэяў і паставіў іх па пакаленьнях пад уладу тысчнікаў і сотнікаў, усіх Юдэяў і Веньямініцянаў, і пералічыў іх ад дваццаці гадоў і вышэй, і аказалася іх трыста тысяч чалавек адборных, якія ходзяць на вайну і трымаюць дзіду і шчыт.
  6. І наняў зь Ізраільцянаў сто тысяч адважных воінаў за сто талантаў срэбра.
  7. Але чалавек Божы прыйшоў да яго і сказаў: цару` хай ня ідзе з табою войска Ізраільскае, бо няма Госпада зь Ізраільцянамі, з усімі сынамі Яфрэма.
  8. А ідзі ты адзін, рабі дзею, мужна спасобнічай на вайне. Інакш паваліць цябе Бог перад тварам ворага, бо ёсьць сіла ў Бога падтрымаць і паваліць.
  9. І сказаў Амасія чалавеку Божаму: што ж рабіць са ста талантамі, якія я аддаў войску Ізраільскаму? І сказаў чалавек Божы: Гасподзь можа даць табе больш за гэта.
  10. І аддзяліў іх Амасія, — войска, якое прышло да яго зь зямлі Яфрэмавай, — каб яны ішлі на сваё месца. І запаліўся моцна іхні гнеў на Юдэю, і яны пайшлі назад у сваё месца, у запале гневу.
  11. А Амасія адважыўся і павёў народ свой, і пайшоў у даліну Саляную і пабіў сыноў Сэіра дзесяць тысяч;
  12. і дзесяць тысяч жывых узялі сыны Юдавыя ў палон, і прывялі іх на вяршыню скалы, і скінулі іх зь вяршыні скалы, і ўсе яны разьбіліся цалкам.
  13. А войска, якое Амасія адаслаў назад, каб яно не хадзіла зь ім на вайну, рассыпалася па гарадах Юдэі ад Самарыі да Вэтарона і перабіла ў іх тры тысячы, і нарабавала шмат здабычы.
  14. Амасія, прыйшоўшы пасля паражэньня Ідумэянаў, прынёс багоў сыноў Сэіра і пакінуў іх у сябе багамі, і перад імі кланяўся і ім кадзіў.
  15. І загарэўся гнеў Госпада на Амасію, і паслаў Ён да яго прарока, і той сказаў яму: навошта ты прыходзіш да багоў народу гэтага, якія ня выбавілі народу свайго ад рукі тваёй?
  16. Калі ён гаварыў яму, цар адказваў: хіба дарадцам царскім паставілі цябе? перастань, каб не забілі цябе. І перастаў прарок, сказаўшы: ведаю, што рашыў Бог загубіць цябе, таму што ты зрабіў гэта і ня слухаеш рады маёй.
  17. І параіўся Амасія, цар Юдэйскі, і паслаў да Ёаса, сына Ёахаза, сына Іуевага, цара Ізраільскага, сказаць: выходзь, пабачымся асабіста.
  18. І паслаў Ёас, цар Ізраільскі, да Амасіі, цара Юдэйскага, сказаць: цёран, які на Ліване, паслаў да кедра, які таксама на Ліване, сказаць: аддай дачку сваю за жонку сыну майму. Але прайшлі звяры дзікія, якія на Ліване, і затапталі гэты цёрн.
  19. Ты кажаш: вось я пабіў Ідумэянаў, — і ўзьнеслася сэрца тваё да славы. Сядзі лепей у сябе дома. Навошта табе намышляць небясьпечную дзею? Упадзеш ты і Юдэя з табою.
  20. Але не паслухаўся Амасія, бо ад Бога было гэта, каб перадаць іх у руку Ёаса за тое, што пачалі прыходзіць да багоў Ідумэйскіх.
  21. І выступіў Ёас, цар Ізраільскі, і ўбачыліся асабіста, ён і Амасія, цар Юдэйскі, у Вэтсамісе Юдэйскім.
  22. І былі разьбіты Юдэі Ізраільцянамі, і разьбегліся кожны ў намёт свой.
  23. І Амасію, цара Юдэйскага, сына Ёаса, сына Ёахазавага, захапіў Ёас, цар Ізраільскі, у Вэтсамісе і прывёў яго ў Ерусалім, і разбурыў сьцяну Ерусалімскую ад брамы Яфрэмавай да брамы вугольнай, на чатырыста локцяў;
  24. і ўзяў усё золата і срэбра, і ўвесь посуд, які быў у доме Божым у Авэд-Эдома, і скарбы дома царскага, і заложнікаў, і вярнуўся ў Самарыю.
  25. І жыў Амасія, сын Ёсаваў, цар Юдэйскі, пасля сьмерці Ёаса, сына Ёахазавага, цара Ізраільскага, пятнаццаць гадоў.
  26. Астатнія дзеі Амасіі, першыя і апошнія, апісаны ў кнізе цароў Юдэйскіх і Ізраільскіх.
  27. І пасля таго часу, як Амасія адступіў ад Госпада, склалі супроць яго змову ў Ерусаліме, і ён уцёк у Лахіс. І паслалі за ім у Лахіс, і забілі яго там.
  28. І прывезьлі яго на конях, і пахавалі яго з бацькамі ягонымі ў горадзе Юдавым.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter