Другая Летапісаў, разьдзел 21

  1. І спачыў Ёсафат з бацькамі сваімі, і пахаваны з бацькамі сваімі ў горадзе Давідавым. І зацараваў Ёрам, сын ягоны, замест яго.
  2. І ў яго былі браты, сыны Ёсафата: Азарыя і Ехііл, і Захар і Азарыя і Міхаіл і Сафатыя: усе гэтыя сыны Ёсафата, цара Ізраілевага.
  3. І даў ім бацька іхні вялікія дарункі срэбрам і золатам і каштоўнасьцямі, разам з умацаванымі гарадамі ў Юдэі; а царства аддаў Ёраму, бо ён першынец.
  4. І ўступіў Ёрам на царства бацькі свайго і ўмацаваўся, і ўсьмерціў усіх братоў сваіх мячом і таксама некаторых з князёў Ізраілевых;
  5. трыццаць два гады было Ёраму, калі зацараваў, і восем гадоў цараваў у Ерусаліме;
  6. і хадзіў ён шляхам цароў Ізраільскіх, як рабіў дом Ахаваў, бо дачка Ахава была жонка яго, — і рабіў ён незаўгоднае ў вачах Гасподніх.
  7. Аднак жа не хацеў Гасподзь загубіць дом Давідаў дзеля запавета, які заключыў з Давідам, і таму што абяцаў даць яму сьвяцільню і сынам ягоным на ўсе часы.
  8. У дні ягоныя выйшаў Эдом з-пад улады Юды, і паставілі над сабою цара.
  9. І пайшоў Ёрам з ваеначальнікамі сваімі, і ўсе калясьніцы зь ім; і ўстаўшы ўначы, пабіў Ідумэян, якія акружалі яго, і начальных над калясьніцамі.
  10. Аднак выйшаў Эдом з-пад улады Юды да сёньня. У той час выйшла і Ліўна з-пад улады ягонай, бо ён пакінуў Госпада Бога бацькоў сваіх.
  11. Таксама вышыні зладзіў ён на гарах Юдэйскіх, і ўвёў у заблуду жыхароў Ерусаліма і спакусіў Юдэю.
  12. І прыйшло да яго пісьмо ад Ільлі прарока, у якім было сказана: так кажа Гасподзь Бог Давіда, бацькі твайго: за тое, што ты не пайшоў шляхамі Ёсафата, бацькі твайго, і шляхамі Асы, цара Юдэйскага,
  13. а пайшоў шляхам цароў Ізраільскіх і ўвёў у заблуду Юдэю і жыхароў Ерусаліма, як уводзіў у заблуду дом Ахаваў, а яшчэ і братоў тваіх, дом бацькі твайго, якія лепшыя за цябе, аддаў сьмерці,
  14. за тое вось Гасподзь пабіў паражэньнем вялікім народ твой і сыноў тваіх, і жонак тваіх і ўсю маёмасьць тваю,
  15. а цябе самога — хваробаю моцнаю, хваробаю вантробаў тваіх да таго, што будуць выпадаць вантробы твае ад хваробы дзень у дзень.
  16. І ўзбунтаваў Гасподзь супроць Ёрама дух Філістымлянаў і Аравіцянаў, сумежных Эфіопам;
  17. і яны пайшлі на Юдэю і ўварваліся ў яе, і захапілі ўсю маёмасьць, якая была ў доме цара, таксама і сыноў ягоных, і не засталася ў яго сына, акрамя Ахозіі, меншага з сыноў ягоных.
  18. А пасля ўсяго гэтага пабіў Гасподзь вантробы яго хваробаю нявылечнаю.
  19. Так было дзень у дзень, а пад канец другога года выпалі вантробы ягоныя ад хваробы ягонай, і ён памёр у ліхіх пакутах; і не спаліў дзеля яго народ ягоны пахошчаў, як рабіў гэта дзеля бацькоў ягоных;
  20. трыццаць два гады было яму, калі зацараваў, і восем гадоў валадарыў у Ерусаліме, і адышоў неаплаканы, і пахавалі яго ў горадзе Давідавым, але ня ў царскіх магільніцах.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter