Трэйцяя Царстваў, разьдзел 6

  1. У чатырыста васьмідзясятым годзе пасьля выхаду сыноў Ізраілевых зь зямлі Егіпецкай, на чацьвёртым годзе цараваньня Саламона над Ізраілем, у месяцы Зіф, які ёсьць другі месяц, пачаў ён будаваць храм Госпаду.
  2. Храм, які пабудаваў цар Саламон Госпаду, даўжынёю быў шэсьцьдзясят локцяў, шырынёю дваццаць і вышынёю трыццаць локцяў,
  3. і бабінец перад храмам дваццаць локцяў даўжыні, адпаведна шырыні храма, і дзесяць локцяў шырыні перад храмам.
  4. І зрабіў ён у доме вокны рашотчатыя, глухія з адкосамі.
  5. І зрабіў прыбудову вакол сьценаў храма, вакол храма і Сьвятога Сьвятых і зрабіў бакавыя пакоі вакол.
  6. Ніжні ярус прыбудовы шырынёю быў пяць локцяў, сярэдні шырынёю шэсьць локцяў, а трэці шырынёю сем локцяў; бо вакол храма звонку зроблены былі выступы, каб прыбудова не дакраналася да сьценаў храма.
  7. Калі будаваўся храм, на будоўлю ўжываліся абчасаныя камяні: ні молата, ні цесака, ні якога іншага жалезнага прыладзьдзя ня было чуваць у храме пры будаўніцтве яго.
  8. Уваход у сярэдні ярус быў з правага боку храма. Па круглых лесьвіцах уваходзілі ў сярэдні ярус, а ад сярэдняга ў трэці.
  9. І пабудаваў ён храм і скончыў яго, і ашаляваў храм кедровымі дошкамі.
  10. І прыбудаваў да ўсяго храма бакавыя пакоі вышынёю пяць локцяў; яны прымацаваныя былі да храма кедровымі бярвеньнямі.
  11. І было слова Госпада Саламону, і сказана яму:
  12. вось, ты будуеш храм: калі ты будзеш трымацца статутаў Маіх і рабіць паводле пастановаў Маіх і захоўваць усе запаведзі Мае, чынячы паводле іх, дык Я спраўджу на табе слова Маё, якое Я сказаў Давіду, бацьку твайму,
  13. і буду жыць сярод сыноў Ізраілевых і не пакіну народу Майго Ізраіля.
  14. І пабудаваў Саламон храм і закончыў яго.
  15. І ашаляваў сьцены храма ўсярэдзіне кедровымі дошкамі; ад падлогі храма да столі ўсярэдзіне ашаляваў дрэвам і накрыў падлогу храма кіпарысавымі дошкамі.
  16. І зладзіў у заднім баку храма, за дваццаць локцяў ад краю, сьцяну, і ашаляваў сьцены і столь кедровымі дошкамі, і асталяваў давір для Сьвятога Сьвятых.
  17. Сорак локцяў быў храм, гэта значыць, пярэдняя частка храма.
  18. На кедрах усярэдзіне храма былі выразаны падабенствы гуркоў і кветак, якія распускаюцца; усё было пакрыта кедрам, каменя ня відаць было.
  19. А Сьвятое Сьвятых усярэдзіне храма ён падрыхтаваў на тое, каб паставіць там каўчэг запавета Гасподняга.
  20. І Сьвятое Сьвятых было даўжынёю дваццаць локцяў, шырынёю дваццаць локцяў і вышынёю дваццаць локцяў; ён абклаў яго чыстым золатам; абклаў таксама і кедровы ахвярнік.
  21. І абклаў Саламон храм усярэдзіне чыстым золатам, і працягнуў залатыя ланцугі перад давірам, і абклаў яго золатам.
  22. Увесь храм ён абклаў золатам, увесь храм да канца, і ўвесь ахвярнік, які перад давірам, абклаў золатам.
  23. І зрабіў у давіры двух херувімаў з масьлічнага дрэва, вышынёю ў дзесяць локцяў.
  24. Адно крыло херувіма было пяць локцяў і другое крыло херувіма было пяць локцяў; дзесяць локцяў было ад аднаго канца крылаў яго да другога канца крылаў яго.
  25. Дзесяць локцяў і другі херувім; аднолькавай меры і аднолькавага выгляду абодва херувімы.
  26. Вышыня аднаго херувіма дзесяць локцяў, а таксама і другога херувіма.
  27. І паставіў ён херувімаў сярод унутранай часткі храма. А крылы ў херувімаў былі раскінутыя, і даставала крыло аднаго да адной сьцяны, а крыло другога херувіма даставала да другой сьцяны; а другія крылы іх сярод храма сыходзіліся крыло да крыла.
  28. І абклаў ён херувімаў золатам.
  29. І на ўсіх сьценах храма вакол зрабіў розныя выявы херувімаў і пальмавых дрэў і кветак, якія распускаюцца, усярэдзіне і звонку.
  30. І падлогу ў храме абклаў золатам ва ўнутранай і пярэдняй частках.
  31. Для ўваходу ў давір зрабіў дзьверы з масьлічнага дрэва, з пяцікутнымі вушакамі.
  32. На двух палавінах дзьвярэй з масьлічнага дрэва ён зрабіў розных херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам; пакрыў золатам і херувімаў і пальмы.
  33. І каля ўваходу ў храм зрабіў вушакі з масьлічнага дрэва чатырохкутныя
  34. і двое дзьвярэй з кіпарысавага дрэва; абедзьве палавіны адных дзьвярэй былі рухомыя, і абедзьве палавіны другіх дзьвярэй былі рухомыя.
  35. І выразаў на іх херувімаў і пальмы і кветкі, якія распускаюцца, і абклаў золатам па разьбе.
  36. І пабудаваў унутраны двор з трох радоў абчасанага каменю і з раду кедровых брусоў.
  37. На чацьвёртым годзе, у месяцы Зіф, заклаў ён аснову храму Госпада,
  38. а на адзінаццатым годзе, у месяцы Бул, — гэта месяц восьмы, — ён закончыў храм з усімі прыналежнасьцямі яго і паводле ўсіх прадпісаньняў ягоных: будаваў яго сем гадоў.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter