Другая Царстваў, разьдзел 10

  1. Празь некаторы час памёр цар Аманіцкі, і заваладарыў замест яго сын ягоны Анон.
  2. І сказаў Давід: зраблю я ласку Анону, сыну Наасаваму, за дабрадзейства, якое зрабіў мне бацька ягоны. І паслаў Давід слуг сваіх суцешыць Анона за бацьку ягонага. І прыйшлі слугі Давідавыя ў зямлю Аманіцкую.
  3. Але князі Аманіцкія сказалі Анону, гаспадару свайму: няўжо ты думаеш, што Давід з павагі да бацькі твайго прыслаў да цябе суцешнікаў? ці не на тое, каб агледзець горад і высачыць у ім і пасьля разбурыць яго, прыслаў Давід слуг сваіх да цябе?
  4. І ўзяў Анон слуг Давідавых і агаліў кожнаму зь іх палавіну барады, і абрэзаў вопратку іхнюю напалавіну, да сьцёгнаў, і адпусьціў іх.
  5. Калі данесьлі пра гэта Давіду, дык ён паслаў ім насустрач, бо яны былі вельмі зьняважаныя. І загадаў цар сказаць ім: заставайцеся ў Ерыхоне, пакуль вырастуць бароды вашыя, і тады вяртайцеся.
  6. І ўбачылі Аманіцяне, што яны зрабіліся ненавіснымі Давіду; і паслалі Аманіцяне наняць Сірыйцаў з Бэт-Рэхава і Сірыйцаў Сувы дваццаць тысяч пешых, у цара Маахі тысячу чалавек і зь Істова дванаццаць тысяч чалавек.
  7. Калі пачуў пра гэта Давід, дык паслаў Ёава з усім войскам храбрых.
  8. І выйшлі Аманіцяне і падрыхтаваліся да бітвы каля брамы, а Сірыйцы Сувы і Рэхава, і Істова і Маахі асобна ў полі.
  9. І ўбачыў Ёаў, што няпрыяцельскае войска было пастаўлена супроць яго і сьпераду і ззаду, і выбраў воінаў з усіх адборных у Ізраілі і выставіў іх супроць Сірыйцаў;
  10. а астатнюю частку войска даручыў Авэсу, брату свайму, каб ён выставіў іх супроць Аманіцян.
  11. І сказаў Ёаў: калі Сірыйцы будуць адольваць мяне, ты дапаможаш мне; а калі Аманіцяне цябе пачнуць адольваць, я прыйду да цябе на дапамогу;
  12. будзь мужны, і будзем стаяць цьвёрда за народ наш і за гарады Бога нашага, а Гасподзь зробіць, што яму даспадобы.
  13. І выступіў Ёаў і народ, які быў у яго, на бітву зь Сірыйцамі, і яны пабеглі ад яго.
  14. А Аманіцяне, убачыўшы, што Сірыйцы бягуць, пабеглі ад Авэсы і зайшлі ў горад. І вярнуўся Ёаў ад Аманіцянаў і прыйшоў у Ерусалім.
  15. Сірыйцы, бачачы, што яны разьбіты Ізраільцянамі, сабраліся разам.
  16. І паслаў Адраазар і паклікаў Сірыйцаў, якія за ракою Халамака, і прыйшлі яны да Элама; а Савак, ваеначальнік Адраазараў, узначальваў іх.
  17. Калі данесьлі Давіду, дык ён сабраў усіх Ізраільцянаў і перайшоў Ярдан і прыйшоў да Элама. Сірыйцы выступілі супроць Давіда і ўступілі ў бітву зь ім.
  18. І пабеглі Сірыйцы ад Ізраільцянаў. Давід зьнішчыў у Сірыйцаў сямсот калясьніц і сорак тысяч верхаўцоў; разьбіў і ваеначальніка Савака, які там і памёр.
  19. Калі ўсе цары пакорныя Адраазару ўбачылі, што яны разьбіты Ізраільцянамі, дык заключылі мір зь Ізраільцянамі і скарыліся ім. А Сірыйцы баяліся далей дапамагаць Аманіцянам.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter