Рут, разьдзел 4

  1. Ваоз пайшоў да брамы і сядзеў там. І вось, ідзе міма родзіч, пра якога казаў Ваоз. І сказаў яму Ваоз: зайдзі сюды і сядзь тут. Той зайшоў і сеў.
  2. Ваоз узяў дзесяць чалавек з старэйшынаў горада і сказаў: сядзьце тут. І яны селі.
  3. І сказаў Ваоз родзічу: Наэмінь, якая вярнулася з палёў Маавіцкіх, прадае частку поля, што належыць брату нашаму Элімэлэху;
  4. я рашыўся давесьці да вушэй тваіх і сказаць: купі пры ўсіх, што сядзяць тут, і пры старэйшынах народу майго; калі хочаш выкупіць, выкупляй; а калі ня хочаш выкупіць, скажы мне, і я буду ведаць; бо апрача цябе няма каму выкупіць, а пасьля цябе я. Той сказаў: я выкупаю.
  5. Ваоз сказаў: калі ты купіш поле ў Наэміні, ты павінен купіць і ў Рут Маавіцянкі, жонкі памерлага, і павінен узяць яе замуж, каб узнавіць імя памерлага ў надзеле ягоным.
  6. І сказаў той родзіч: не магу я ўзяць яе сабе, каб не парушыць свайго надзелу: прымі яе ты, бо я не магу прыняць.
  7. Раней быў такі звычай у Ізраіля пры выкупе і пры абмене дзеля пацьвярджэньня якой-небудзь справы: адзін здымаў бот свой і даваў другому, і гэта было сьведчаньнем у Ізраіля.
  8. І сказаў той родзіч Ваозу: купі сабе. І зьняў бот свой.
  9. І сказаў Ваоз старэйшынам і ўсяму народу: вы цяпер сьведкі таго, што я купляю ў Наэміні ўсё Элімэлэхавае і ўсё Хілеонавае і Махлонавае:
  10. таксама і Рут Маавіцянку, жонку Міхлонаву, бяру сабе за жонку, каб пакінуць імя памерлага ў надзеле ягоным і каб ня зьнікла імя памерлага сярод братоў ягоных і каля брамы месца, дзе ён жыў: вы сёньня сьведкі таго.
  11. І сказаў увесь народ, які каля брамы, і старэйшыны: мы сьведкі; хай створыць Гасподзь жонку, што ўваходзіць у дом твой, як Рахіль і як Лію, якія абедзьве заснавалі дом Ізраілеў; набывай багацьце ў Эфрафе, і хай славіцца імя тваё ў Віфляеме;
  12. і хай будзе дом твой, як дом Фарэса, якога нарадзіла Тамар Юду, ад таго семя, якое дасьць табе Гасподзь ад гэтай маладзіцы.
  13. І ўзяў Ваоз Рут, і яна зрабілася яго жонкаю. І ўвайшоў ён да яе, і Гасподзь даў ёй цяжарнасьць, і яна нарадзіла сына.
  14. І казалі жанчыны Наэміні: дабраславёны Гасподзь, што ён не пакінуў цябе сёньня без нашчадка! і хай славіцца імя яго ў Ізраілі!
  15. ён будзе радасьцю і кармільцам у старасьці тваёй, бо яго нарадзіла нявестка твая, якая любіць цябе, якая табе лепей за семярых сыноў.
  16. І ўзяла Наэмінь дзіця гэтае, і насіла яго ў абдымках сваіх, і была яму за няньку.
  17. Суседкі далі яму імя і казалі: «у Наэміні нарадзіўся сын», і далі імя яму: Авід. Ён бацька Есэя, бацькі Давідавага.
  18. І вось род Фарэсаў: Фарэс спарадзіў Эсрома;
  19. Эсром спарадзіў Арама; Арам спарадзіў Амінадава;
  20. Амаінадаў спарадзіў Наасона; Наасон спарадзіў Салмона;
  21. Салмон спарадзіў Ваоза; Ваоз спарадзіў Авіда;
  22. Авід спарадзіў Есэя; Есэй спарадзіў Давіда.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter