Кніга Судзьдзяў, разьдзел 2

  1. І прыйшоў анёл Гасподні з Галгала ў Бохім і сказаў: так кажа Гасподзь: Я вывеў вас зь Егіпта і ўвёў вас у зямлю, якую запрысягнуў бацькам вашым, і сказаў Я: «не парушу запавету Майго з вамі вавек;
  2. і вы ня ўступайце ў спрымірэньне з жыхарамі зямлі гэтай; ахвярнікі іхнія разбурце». Але вы не паслухаліся голасу Майго. Што гэта вы зрабілі?
  3. І таму кажу Я: не праганю іх ад вас, і будуць яны вам пятлёю, і багі іхнія будуць вам сеткаю.
  4. Калі анёл Гасподні сказаў словы гэтыя ўсім сынам Ізраілевым, дык народ моцна загаласіў і заплакаў.
  5. Ад гэтага і называюць тое месца Бохім. Там прынесьлі яны ахвяру Госпаду.
  6. Калі Ісус адпусьціў народ, і пайшлі сыны Ізраілевыя, кожны ў свой надзел, каб атрымаць у спадчыну зямлю,
  7. тады народ служыў Госпаду ва ўсе дні Ісуса і ва ўсе дні старэйшынаў, жыцьцё якіх прадоўжылася пасьля Ісуса і якія бачылі ўсе вялікія дзеі Гасподнія, якія Ён зрабіў Ізраілю.
  8. А калі памёр Ісус, сын Наваў, раб Гасподні, як было яму сто дзесяць гадоў,
  9. і пахавалі яго ў межах надзелу ягонага ў Тамнат-Сараі, на гары Яфрэмавай, на поўнач ад гары Гааша;
  10. і калі ўвесь народ гэты адышоў да бацькоў сваіх, і паўстаў пасьля іх іншы род, які ня ведаў Госпада і дзеяў Ягоных, якія Ён рабіў Ізраілю, —
  11. тады сыны Ізраілевыя пачалі рабіць ліхое перад вачыма Госпада і пачалі служыць Ваалам;
  12. пакінулі Госпада Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх зь зямлі Егіпецкай і павярнуліся да іншых багоў, багоў народаў, што атачалі іх, і пачалі пакланяцца ім, і разгневалі Госпада;
  13. пакінулі Госпада і пачалі служыць Ваалу і Астартам.
  14. І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і аддаў іх у рукі грабежнікам, і рабавалі іх; і аддаў іх у рукі ворагам, што атачалі іх, і не маглі ўжо ўстояць перад ворагамі сваімі.
  15. Куды яны ні пойдуць, рука Гасподняя ўсюды была ім на благое, як казаў ім Гасподзь і як запрысягаўся ім Гасподзь. І ім было вельмі цесна.
  16. І ставіў Гасподзь судзьдзяў, якія ратавалі іх ад рук рабаўнікоў іхніх;
  17. але і судзьдзяў яны ня слухаліся, а хадзілі блудна сьледам за іншымі багамі і пакланяліся ім, хутка ўхіляліся ад шляху, якім хадзілі бацькі іхнія, слухаючыся запаведзяў Гасподніх. Яны так не рабілі.
  18. Калі Гасподзь ставіў ім судзьдзяў, дык Сам Гасподзь быў за судзьдзёю і ратаваў іх ад ворагаў іхніх ва ўсе дні судзьдзі: бо шкадаваў іх Гасподзь, чуючы стогны іхнія ад прыгнятальнікаў і ўціскальнікаў іхніх.
  19. Але як толькі паміраў судзьдзя, яны зноў рабілі горш за бацькоў сваіх, ухіляліся да іншых багоў, служачы ім і пакланяючыся ім. Не адставалі ад учынкаў сваіх і ад упарцістага шляху свайго.
  20. І запалаў гнеў Гасподні на Ізраіля, і сказаў Ён: за тое, што народ гэты пераступае запавет Мой, які Я ўстанавіў з бацькамі іхнімі, і ня слухаецца голасу Майго,
  21. і Я ня буду ўжо выганяць ад іх ніводнага з тых народаў, якіх пакінуў Ісус, калі паміраў, —
  22. каб спакушаць імі Ізраіля: ці будуць яны трымацца шляху Гасподняга і хадзіць па ім, як трымаліся бацькі іхнія, ці не?
  23. І пакінуў Гасподзь народы гэтыя і ня выгнаў іх неўзабаве і не аддаў іх у рукі Ісусу.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter