Выхад, разьдзел 40

  1. І наказаў Гасподзь Майсею сказаць:
  2. у першы месяц, у першы дзень месяца пастаў скінію сходу,
  3. і пастаў у ёй каўчэг адкрыцьця, і захіні каўчэг заслонаю;
  4. і ўнясі стол і пастаў на ім усе рэчы яго, і ўнясі сьвяцільню і пастаў на ёй лампады яе;
  5. і пастаў залаты ахвярнік, каб дыміць перад каўчэгам адкрыцьця, і павесь заслону на ўваходзе ў скінію;
  6. і пастаў ахвярнік цэласпаленьня перад уваходам у скінію сходу;
  7. і пастаў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і налі ў яго вады;
  8. і пастаў двор вакол і павесь заслону ў браме двара.
  9. І вазьмі алею памазаньня, і памаж скінію і ўсё, што ў ёй, і асьвяці яе і ўсе прылады яе, і будзе сьвята;
  10. памаж ахвярнік цэласпаленьня і ўсе прылады яго і асьвяці ахвярнік, і будзе ахвярнік сьвятыня вялікая;
  11. і памаж умывальнік і падножжа яго і асьвяці яго.
  12. І прывядзі Аарона і сыноў ягоных да ўваходу ў скінію сходу і абмый іх вадою;
  13. і апрані Аарона ў сьвяшчэннае адзеньне, і памаж яго, і асьвяці яго, каб ён быў сьвятаром Мне.
  14. І сыноў ягоных прывядзі, і апрані іх у хітоны,
  15. і памаж іх, як памазаў ты бацьку іхняга, каб яны былі сьвятарамі Мне, і памазаньне іх прысьвеціць іх у вечнае сьвятарства ў роды іхнія.
  16. І зрабіў Майсей усё: як загадаў яму Гасподзь, так і зрабіў.
  17. У першы месяц другога года, у першы дзень месяца пастаўлена скінія.
  18. І паставіў Майсей скінію, паклаў падножжы яе, паставіў брусы яе, паклаў жэрдкі і паставіў слупы яе,
  19. напяў покрыва над скініяю і паклаў века паверсе гэтага покрыва, як загадаў Гасподзь Майсею.
  20. І ўзяў і паклаў адкрыцьцё ў каўчэг, і ўклаў жэрдкі ў колцы каўчэга, і паклаў века на каўчэг зьверху;
  21. і ўнёс каўчэг у скінію, і павесіў заслону, і засланіў каўчэг адкрыцьця, як загадаў Гасподзь Майсею.
  22. І паставіў стол у скініі сходу на паўночным баку скініі, паза заслонаю,
  23. і расклаў на ім рад хлябоў перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.
  24. І паставіў сьвяцільню ў скініі сходу насупраць стала, на паўднёвым баку скініі,
  25. і паставіў лампаду перад Госпадам, як загадаў Гасподзь Майсею.
  26. І паставіў залаты ахвярнік у скініі сходу перад заслонаю
  27. і задыміў на ім пахучае дымленьне, як загадаў Гасподзь Майсею.
  28. І павесіў заслону пры ўваходзе ў скінію;
  29. і ахвярнік цэласпаленьня паставіў каля ўваходу ў скінію сходу і прынёс на ім цэласпаленьні і ахвяру хлебную, як загадаў Гасподзь Майсею.
  30. І паставіў умывальнік паміж скініяй сходу і ахвярнікам і наліў у яго вады для абмываньня,
  31. і абмывалі зь яго Майсей і Аарон і сыны ягоныя рукі свае і ногі свае;
  32. калі яны ўваходзілі ў скінію і падыходзілі да ахавярніка, тады і абмывалі, як загадаў Гасподзь Майсею.
  33. І паставіў двор вакол скініі і ахвярніка і павесіў заслону ў браме двара. І так закончыў Майсей дзею.
  34. І ўкрыла воблака скінію сходу.
  35. І ня мог Майсей увайсьці ў скінію, бо засланяла яго воблака, і слава Гасподняя напаўняла скінію.
  36. Калі падымалася воблака ад скініі, тады выпраўляліся ў дарогу сыны Ізраілевыя падчас усяго падарожжа свайго;
  37. калі ж не падымалася воблака, дык і яны не выпараўляліся ў дарогу, пакуль яно не падымалася;
  38. бо воблака Гасподняе стаяла над скініяй удзень, і агонь быў уначы ў ёй перад вачыма ўсяго дома Ізраілевага падчас усяго падарожжа іхняга.
Поделиться:
Facebook ВКонтакте Twitter